Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ШТО ЗАМІНАЕ ВАМ У БЕЛАРУСІ ЗАПАЎНЯЦЬ ДАКУМЭНТЫ НА ДЗЯРЖАЎНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ?”


Ганна Соусь, Менск

У філіяле “Беларусбанку” на вуліцы Леніна ўся дакумэнтацыя, што прапаноўваецца кліентам, выкананая на расейскай мове. Адпаведна, людзі й запаўняюць дакумэнты па-расейску. Я зьвярнулася да наведнікаў з пытаньнем:

(Карэспандэнтка: ) “Што замінае вам у Беларусі запаўняць дакумэнты на дзяржаўнай беларускай мове?”

(Спадар: ) “Пэўна, перашкоды ніякай няма. Але ж усе дакумэнты выкананыя на расейскай мове. А калі гэта так, то я дакумэнты запаўняю па-расейску. І няма ніякіх праблемаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі б былі дакумэнты на беларускай мове?”

(Спадар: ) “Пісаў бы па-беларуску”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, патрабаваньне пісаць па-расейску, таму я і запаўняю”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі б былі беларускамоўныя блянкі?”

(Спадарыня: ) “Напэўна, узьніклі б складанасьці. Я вывучала беларускую мову, але я ёй не карыстаюся. Калі б уся краіна перайшла на дзяржаўную мову… Хаця яна не дзяржаўная”.

(Карэспандэнтка: ) “Паводле закону яна дзяржаўная”.

(Спадарыня: ) “Афіцыйна не. Я думаю, што я бы справілася”.

(Спадарыня: ) “Па-беларуску неяк не даводзіцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі былі бы адпаведныя блянкі?”

(Спадарыня: ) “Так, канечне, без праблемаў”.

(Спадар: ) “Памылак шмат зрабіў бы. А так мне няма розьніцы”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі б былі два блянкі, то якому бы вы аддалі перавагу?”

(Спадар: ) “Расейскаму, бо беларускую мову я ня надта вывучыў”.

(Спадар: ) “Нічога не перашкаджае. Будуць друкаваць — будзем і запаўняць у адпаведнасьці з патрабаваньнямі”.

(Спадар: ) “Няведаньне мовы. Цяжка ўспрымаць. Мы думаем па-расейску. І ня трэба задумвацца, як перакладаць на беларускую мову. Хай мастацтва будзе па-беларуску, мы ня супраць, прыгожыя песьні, усё нармалёва. А дзелавую дакумэнтацыю, мне падаецца, лепш па-расейску, бо гэта абсурд — перакладаць на беларускую мову”.

(Спадар: ) “Уласна, нічога не замінае”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі бы дакумэнты былі на беларускай мове, ці запаўнялі б вы іх па-беларуску?”

(Спадар: ) “Не, з ідэйных матываў па-беларуску запаўняць ня стаў бы. Чым хутчэй, тым лепей, таму, напэўна, па-расейску запаўняў бы”.

(Спадарыня: ) “Я ведаю расейскую і беларускую мову, але ж гэтыя дакумэнты ўсе па-расейску, дык і я на расейскай мове запаўняю. А гаварыць я магу і па-расейску, і па-беларуску. Мне няма розьніцы, ніякага значэньня гэта ня мае. Будуць беларускія блянкі — будзем пісаць па-беларуску”.

(Спадар: ) “Запаўняць дакумэнты толькі па-расейску. Але можна й па-беларуску. Дзе як патрабуюць”.

(Спадарыня: ) “Трэба было б задумвацца. Усё ж па-расейску”.

(Спадарыня: ) “Няма такой неабходнасьці. Кантактуем на расейскай мове, таму й запаўняем па-расейску. А што, гэта прынцыпова важна?”

Гэтак адказалі кліенты ашчаднай касы на вуліцы Леніна на пытаньне: “Што замінае вам у Беларусі запаўняць дакумэнты на дзяржаўнай беларускай мове?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG