Кампанія “Вэлком” афіцыйна паведаміла, што з 15 сакавіка паводле рашэньня Міністэрства сувязі адбудуцца зьмены ў парадку набору тэлефонных нумароў Белтэлекаму, то бок звычайных стацыянарных тэлефонаў. Цяпер з мабільнікаў трэба будзе абавязкова набіраць 8 і код гораду. Гэтае рашэньне збольшага тычыцца Менску, бо раней усе тры апэратары мабільнай сувязі — “БелСел”, “Вэлком” і “МТС” — давалі сваім кліентам магчымасьць набіраць менскія нумары наўпрост: толькі “двойку” ды астатнія шэсьць лічбаў. Ад сярэдзіны сакавіка гэта будзе ўжо немажліва, перад нумарам давядзецца набіраць 8017. Шмат каму спатрэбіцца перапісваць сталічныя нумары ў запісных кніжках на сваіх мабільных апаратах. А ў “МТС” раней існаваў яшчэ наўпроставы, бяз коду набор гарадзкіх нумароў абласных цэнтраў — для тых, хто падключаўся там. Цяпер гэтай паслугі ў абласьцях ня будзе.
Паводле Міністэрства сувязі, гэта тлумачыцца шпаркім павелічэньнем колькасьці карыстальнікаў мабільнай сувязі. Сёлета як “Вэлком”, гэтак і “МТС” спадзяюцца набраць мільён абанэнтаў кожны. Гэта значыць, што нумароў зь іх кодамі 0296 і 0297 ужо ня хопіць. Таму “Вэлкому”, акрамя “шасьцёркі”, выдаткавалі “тройку”, а кампаніі “МТС”, апрача “сямёркі”, яшчэ й “пяцёрку”.
З прычыны таго, што тэлефонныя нумары ў прыгарадах Менску (напрыклад, у Заслаўі) пачынаюцца на 5 і гэта супадала бы з новымі нумарамі “МТС”, Міністэрства сувязі вырашыла зрабіць набор міжгародніх кодаў абавязковым. Аднак гэтае рашэньне можна было прынамсі адкласьці, калі б для “МТС” выдаткавалі код 0299. Гэтая “дзявятка” зь менскімі нумарамі не супадала бы. Што да новай “тройкі” для кампаніі “Вэлком”, дык Менская гарадзкая тэлефонная сетка не плянуе найбліжэйшым часам усталёваць нумары, які пачынаюцца на 3 — пакуль хапае й “двойкі”, разьлічанай на мільён абанэнтаў. А ў Менску цяпер каля 710 тысяч падключаных нумароў.