Расейскія мэдыі паведамілі 2 сакавіка, што беларускі барэц Ібад Ахмедаў ужо на волі. Нібыта расейскія службоўцы, якія затрымалі Ахмедава 26 лютага ў аэрапорце Масквы, разабраліся, што ён ні ў чым не вінаваты. Паводле гэтых крыніцаў, дапамагло вызваленьню і тое, што Ібад Ахмедаў застаецца грамадзянінам Беларусі. Грамадзянства Ахмедава сапраўды ўчора афіцыйна пацьвердзіла МЗС Беларусі, аднак пра тое, што ён ужо вызвалены, 2 сакавіка ў беларускай амбасадзе ў Расеі нічога ня ведалі. “У нас няма зьвестак, што Ахмедаў на волі”, — заявіў Радыё Свабода беларускі консул у Маскве Вячаслаў Стральцоў.
Адметна, што, паводле спадара Стральцова, беларускай амбасадзе невядома, якая менавіта спэцслужба Расеі затрымлівала Ібада Ахмедава і дзе яго трымалі чатыры дні, а магчыма, і цяпер. Вячаслаў Стральцоў сказаў, што супрацоўнікі амбасады не кантактавалі з Ібадам Ахмедавым ці ягонымі адвакатамі. Нагадаем, беларускае МЗС паабяцала, што Ібаду Ахмедаву, паколькі ён застаецца грамадзянінам Беларусі, будзе аказаная ўся неабходная консульская і праўная дапамога.
Скандал вакол затрыманьня ў Маскве барца зь Беларусі Ібада Ахмедава і ягонага трэнэра Аляксандра Дуброўскага быў падагрэты зьвесткамі пра тое, што расейскія ўлады зьбіраюцца абмяняць іх на двух сваіх агентаў, якіх арыштавалі ў Катары паводле абвінавачаньняў у забойстве экс-прэзыдэнта Чачэніі Зелімхана Яндарбіева. Расейскія мэдыі ня выключылі такога абмену, бо затрыманыя спартоўцы былі падазраваныя ў сувязях з тэрарызмам. Між тым, гэтыя абвінавачаньні не пацьвердзіліся. Прэсавы сакратар КГБ Беларусі Аляксандар Базанаў паведаміў Радыё Свабода, што Ібад Ахмедаў ніколі не трапляў у поле ўвагі гэтага ведамства. Вось што ў КГБ ведаюць пра Ахмедава:
(Базанаў: ) “Ён акрамя спорту нічым іншым ніколі ў жыцьці не займаўся. Катарскі манарх на год даў яму грамадзянства, гэта ў іх магчыма, каб той пад катарскім сьцягам заваяваў для іх мэдаль”.
Калі Ібад Ахмедаў сапраўды ўжо вызвалены, у яго яшчэ засталіся шанцы на тое, каб патрапіць на Алімпіяду ў Атэнах. Для гэтага яму трэба выйграць на барцоўскім турніры ў Ташкенце. Але гэта апошні кваліфікацыйны турнір, і канкурэнцыя на ім будзе вельмі жорсткай. На турніры ў сэрбскім горадзе Нові Сад заваяваць ліцэнзію было лягчэй, але з-за расейскіх спэцслужбаў Ібад Ахмедаў і ягоны трэнэр Аляксандар Дуброўскі на гэты турнір не патрапілі.
Дарэчы, беларускія чэкісты зьвярталіся да сваіх расейскіх калегаў з запытам адносна прэтэнзіяў да беларускіх барцоў, аднак дагэтуль нават не атрымалі адказу. У КГБ Беларусі мяркуюць, што расейскія партнэры “пракалоліся” і дагэтуль ня вызначыліся, як патлумачыць сваю паразу.