Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ПАХМЕЛЬЛЕ


Сьвятлана Курс, Менск

Беларускі паэт Андрэй Хадановіч піша: пахмельле — гэта хвароба, якой ня скажаш “вон”. Паводле статыстыкі, гэтую хваробу зазнаюць, асабліва на раніцу ў нядзельку, да 90% італьянцаў і французаў, да 30% скандынаваў і 40% амэрыканцаў. Паводле зьвестак Усясьветнай арганізацыі здароўя, ад злоўжываньня алькаголем у сьвеце памірае да 750 тысяч чалавек на год. Значная частка зь іх — ад алькагольнага атручэньня.

(Мовазнаўца: ) “Немцы называюць гэты стан “каціны енк” альбо “кот у галаве”, французы — “драўлянае рыла”, нарвэжцы — “цесьлі ў галаве”, сэрбы — “мамурлюк”. У ангельцаў гэта — “праглынуць волас сабакі”. Бо некалі ангельцы верылі, што калі праглынуць волас сабакі, які цябе некалі ўкусіў, пахмельле пройдзе само”.

Сымптомы: боль у галаве, звон увушшу, трымценьне цела, ваніты, упал або холад, выразнае адчуваньне вінаватасьці. Нямецкі мэдычны слоўнік Урбана й Шварцэнбэрга дае наступнае вызначэньне пахмельля: “Гэты стан вызначаецца прыступамі незразумелага смутку, стратаю самапавагі, упэўненасьці ва ўласных сілах. Чалавек схільны папракаць сябе нават у тым, чаго не рабіў”. Частыя патрапляньні ў гэты стан спрыяюць сталаму комплексу віны й няўпэўненасьці, кажуць нарколягі.

Пра пахмельны стан апавядаюць супрацоўнікі менскага ЖЭС №11:

(Спадар: ) “Я больш люблю гарэлку, але на яе грошай не хапае. І пахмельле бывае, усё цела баліць, галава”.

(Іншы: ) “Як хто, а я дык па два дні адыходжу. Рассол п’ю капусны, гурочны”.

(Спадар: ) “Сок вітамінны п’ю. Альбо тое, чым абпіўся”.

(Спадарыня: ) “А я папраўляюся моцнай гарбатай зь лімонам. Але каб ня піць, такога не бывае”.

Дарэчы, пахмельле ад гарэлкі адрознае ад пахмельля, што наступае пры ўжываньні беларускіх пладова-ягадных напояў:

(Сантэхнік: ) “Ох, ну канечне, што раўняць: ад віна і кончыцца можна, а ад аднае чыстае гарэлкі добра сябе раніцай адчуваеш. Але гарэлка 4 тысяч, а віно — паўтары”.

(Іншы: ) “Хіба гэта віно? Гэта напітак такі: сьпірт-рэктыфікат і фарбавальнікі. Раніцаю аж галава лопаецца. І дыхаеш ацэтонам нейкім”.

Беларускае таварыства абароны спажыўцоў у лістападзе пазалетась тэставала вінныя пладовыя напоі айчыннай вытворчасьці. Напоі набывалі ў гарадзкіх і сельскіх крамках Берасьцейскай, Гомельскай, Магілёўскай вобласьцяў і ў Менску, іх перадалі ў харчовыя лябараторыі Беларускага дзяржаўнага Інстытуту мэтралёгіі. Усяго тэставалася восем напояў. Узоры не перавышалі дапушчальных нормаў таксычных элемэнтаў і кіслотнасьці. Аднак паводле ўтрыманьня этылавага сьпірту, жалеза і цукру ў напояў ёсьць адхіленьні.

Рэалізацыя гэтых напояў, якія ўтрымліваюць хімічныя рэчывы й вырабляюцца пры дапамозе сьпірту-рэктыфікату, а не натуральнай дыстыляцыі, расьце. Гэтак, калі ў 1995 годзе вырабілі 6,6 мільёна дэкалітраў, то летась — 26,5 мільёна.

Беларускія прадпрымальнікі п’юць больш высакародныя напоі й пахмяляюцца інакш, чым пралетарыі. Ждановіцкі гандляр Віктар:

(Віктар: ) “Я сам п’ю гарэлку і ніколі не пахмяляюся. А так хто пахмяляецца сокам, хто марозівам. Як каму падабаецца”.

Праблема пахмельля зьнітаваная з маральлю. Таму яе ніхто асабліва не аналізуе, усё абмяжоўваецца іранічнымі выпадамі. Бюлетэня пахмельнаму чалавеку доктар ня выдасьць, і хворы ідзе на працу. Немагчыма падлічыць, колькі чалавека-гадзінаў страчана ў выніку таго, што людзі паўпанядзелка ня могуць выконваць сваіх абавязкаў. Пра гэта гаворыцца ў Нацыянальнай праграме барацьбы з алькагалізацыяй, якая пачала дзейнічаць у студзені. Галоўны нарколяг Беларусі Ўладзімер Максімчук зазначыў, што ў Беларусі пакуль невысокая культура піцьця, і таму вынікі Нацыянальнай праграмы чакаюцца не раней як праз 10–20 гадоў. Сярод мерапрыемстваў новай Нацыянальнай праграмы па барацьбе з алькагалізацыяй заўважнае месца займае падвышэньне культуры піцьця й роўню ведаў людзей пра ўзьдзеяньне алькаголю.

Гаворыць нарколяг аднаго зь менскіх наркалягічных дыспансэраў:

(Нарколяг: ) “Калі гаварыць пабытоваю моваю, то гэта так: алькаголь, трапляючы ў арганізм, у асноўным у печань, расшчапляецца на ваду й вуглякіслы газ. Аднак фэрмэнт печані, што перапрацоўвае алькаголь, ня ў стане адразу адбіць такую атаку, таму працэс пераробкі сьпірту замірае на сярэдзіннай стадыі. І пакуль рэчыва ацэтальдэгід канчаткова не раскладзецца, датуль будзе балець галава, трымцець рукі й цягнуць на ваніты.

Можна выпіць 100 грамаў таго ж напою, якім атруціўся ўчора, але гэта шлях да запою. Трэба прыбраць абязводжаньне арганізму: найлепш кефірам альбо квасам, у якіх шмат вады і прысутнічае алькаголь. Рассол паскарае працэс раскладаньня сьпірту ў арганізьме, таму ён і лічыцца эфэктыўным сродкам. Але соль абвастрае працэсы ў арганізьме, таму вадкасьць мусіць быць слабасалёная. Можна выпіць актываванага вуглю, але яго мусіць быць пару дзясяткаў таблетак (арганізм жа атручаны!). Цэлы пахмельны дзень варта есьці мёд, ён аднаўляе глюкозу. Калі хочаце выклікаць ваніты, выпіце паўшклянкі вады з распушчанай у ёй паўлыжкай нашатырнага сьпірту. Гэта рэзка паставіць на ногі”.

(Карэспандэнтка: ) “У нашых крамах пачаў прадавацца прэпарат пад назовам RU-21 альбо “Антыпахмелін”. Наколькі ён эфэктыўны?”

(Нарколяг: ) “Гэта камэрцыйны прэпарат, ён блякуе выпрацоўку ў арганізьме фэрмэнту, які ператварае алькаголь у ацэтальдэгід. Гэта ня лекі, а біялягічна актыўны дадатак. Дапамагае тым, хто ня так моцна атруціўся. Але ён сапраўды дзейнічае”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі варта зьвяртацца да нарколяга?”

(Нарколяг: ) “Калі чалавек цяжка будзіцца альбо ня будзіцца ўвогуле: гэта можа быць якраз тое атручаньне, якое давядзе да сьмерці”.

Яшчэ адная прычына, што выклікае атручаньні ва Ўсходняй Эўропе — выпуск напояў на аснове сьпірту-рэктыфікату. У тых краінах, дзе п’юць напоі, атрыманыя шляхам дыстыляцыі (каньяк, віскі, брэнды, грапы, чачы), алькагалізм — рэдкая зьява.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што адвучыць чалавецьва ад алькаголю немагчыма. Бо гэтая жарсьць закладзеная ў прыродзе жывой істоты. Шматлікія віды жывёлаў і насякомых спажываюць плады, што забрадзілі, і паводзяць сябе, як п’яныя людзі. Гэтак, навукоўцы з Аклахомскага ўнівэрсытэту выявілі, што пчолы, якія напіліся п’янкога соку, ня могуць перасоўвацца як сьлед, замінаюць працаваць іншым і ўносяць дэзараганізацыю ў супольнасьць. Таму пчолы-салдаты б’юць або праганяюць п’яных суродзічаў. Відавочна, што спажыўцамі алькаголю могуць быць і расьліны. Гэтак, калі накапаць у ваду для букета трохі каньяку, нават падвялыя кветкі стаюць “на зважай”.

Прызнаньне цягі чалавека да алькаголю не азначае, што антыалькагольныя праграмы мусяць спыніцца. Але магчымы й комплексны падыход да праблемы, гэтак званае “зьніжэньне шкоды”. Ён практыкуецца ў шэрагу краінаў Эўропы, напрыклад, у Швэцыі: п’яніцаў трэба не “перавыхоўваць”, а навучыць піць так, каб яны менш шкодзілі здароўю і не пакутавалі ад атручэньня.

У дадатак да старых народных спосабаў зьняцьця пахмельнага сындрому ўжываюцца найноўшыя, што прыйшлі да нас з Эўропы. Расказвае бармэн аднаго зь менскіх бараў:

(Спадар: ) “Існуюць выратавальныя напоі пад назваю “аўстэры”. П’юць іх адным каўтком адразу ж пасьля вечарынкі або нараніцу. Самы просты аўстэр — “крывавае вока”. У шклянку таматнага соку зьмяшчаюць жаўток. Разьмешваць ня трэба. Аўстэр “чароўны пярсьцёнак”: сьцены 50-грамовага кілішка мажуць алеем, каб была тонкая плёнка, наліваюць 25 грамаў гарэлкі, асьцярожна апускаюць жаўток. Вакол жаўтка пярсьцёнкам насыпаюць чырвоны перац і выкладваюць густы таматны соўс. Можна выпіць “брутальнага аўстэру”. Кілішак мажаш алеем, выпускаеш у яго сыры жаўток, дадаеш дзьве лыжкі гарэлкі й сыплеш зьверху чырвонага перцу. Пасьля прыняцьця аўстэру трэба пакрыць лоб мокрай анучай і паляжаць з чвэрць гадзіны. Пасьля можна сьмела йсьці на працу. Уласны мой рэцэпт: пару лыжак кавы і пару каўткоў гарэлкі мяшаеце з пару лыжкамі мінэралкі да стану жыжкі. Даліваеце мінэралкаю шклянку. Выпіваеце адным каўтком. Адразу лепей. Не ўжываць тым, у каго праблемы з сэрцам”.

Шэраг недарагіх лекаў ад пахмельля прапануюць беларускія аптэкі:

(Фармацэўтка: ) “Напрыклад, асьпірын, парацэтамол або нямецкі сродак “Alka-Seltzer”.

Непадобна, каб у нашай краіне алькагалізацыя хутка пайшла на спад. Расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў лічыць, што ў таталітарных краінах п’янства ёсьць формаю фронды: “Гарэлка — шлях у закрытае ад дзяржавы прыватнае жыцьцё, дзе можна разьняволіцца, забыцца на непрыемнасьці й заняцца сэксам”.

Сантэхнікі, дворнік Аля, інжынэр Пятро Васілевіч лічаць: “У нас хто п’е з гора, хто ад суму, хто ад радасьці. Зноў жа сьвятаў ніхто не адмяняў: дні народзінаў, вясельлі, хаўтуры, 40 дзён, адзін год. А бяз гэтага нельга”.

Праблема яшчэ і ў тым, што людзям ня надта шчасьлівым алькаголь дае эўфарыю. Паводле апытаньняў амэрыканскіх сацыёлягаў, бальшыня мужчынаў п’юць дзеля адчуваньня шчасьця, а бальшыня жанчын — каб заліць гора й набыць надзею.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG