Прэзыдэнта Беларусі альбо падманваюць, альбо памылкова паведамляюць яму неправераныя зьвесткі, — гэтак лічаць сваякі былога генэральнага дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава адносна ўчорашняга паведамленьня прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Лявонаваў нібыта ўжо кампэнсаваў страты, якія, як мяркуе суд, ён нанёс дзяржаве. Пра гэта Аляксандру Лукашэнку ўчора паведаміў генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман падчас учорашняй справаздачы аб выніках барацьбы з карупцыяй. Як паведамляе прэсавая служба кіраўніка дзяржавы,“толькі па крымінальнай справе ў дачыненьні да былога генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава судом спагнаныя з абвінавачанага 23,5 мільярда рублёў”.
Гаворыць жонка былога дырэктара МТЗ Алена Лявонава:
(Алена Лявонава: ) “Не, мне пра такое невядома. Адкуль яны гэта ўзялі? Каб нешта кампэнсаваць, трэба мець, а калі ня маеш, то як можна кампэнсаваць?”
Алена Лявонава нагадала, што яе муж дагэтуль не прызнаў сябе вінаватым ў крадзежы 20 мільёнаў даляраў і іншых злачынствах, у якіх яго абвінаваціла пракуратура. Сам Лявонаў у судзе заяўляў, што нібыта ягоная справа сфальшаваная нядобрасумленнымі сьледчымі.
Цікава, што насамрэч у пракуратуры дакладна ня ведаюць, ці ўжо атрыманыя ад Лявонава 23,5 мільярда рублёў кампэнсацыі нанесеных стратаў. “Гаворка, відаць, пра тое, што судом пастаноўлена спагнаць зь Лявонава гэтыя грошы, але ці зрабілі яны гэта, — зьвярніцеся ў судовыя органы. Гэта ня справа пракуратуры”, — параіў прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Юры Азаронак. Падобнай вэрсіі прытрымліваюцца і ў Вярхоўным судзе. Там лічаць, што памыліліся аўтары паведамленьня пра справаздачу Віктара Шэймана. “Трэба было напісаць не “судом спагнана”, а “суд вырашыў спагнаць”, — лічыць прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Валянцін Барысевіч.
А вось адвакат Лявонава Аляксандар Самусеў не выключае, што гэта невыпадковая памылка:
(Самусеў: ) “Суд спагнаў і вырашыў спагнаць — гэта не адное і тое ж”.
Адвакат мяркуе, што на ягонага падабароннага зноў аказваецца ціск, каб ён узяў на сябе віну за грошы, якіх насамрэч ня краў. “1 лютага заканчваецца тэрмін, які суд вызначыў Лявонаву для добраахвотнай кампэнсацыі, але той не зьбіраецца гэтага рабіць, бо не прызнае сябе вінаватым”, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Лявонава Аляксандар Самусеў.