Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЙТ “ХАРТЫІ-97” ПАТРАПІЎ ПАД ХАКЕРСКУЮ АТАКУ


Валер Каліноўскі, Менск

У прэсавым цэнтры “Хартыі-97” зазначаюць, што Антон Мельнічук – гэта псэўданім журналіста, які прадставіў сваё расьследаваньне “Хартыі”, але раскрываць, хто хаваецца за гэтым псэўданімам, тут не зьбіраюцца. Гэта робіцца з мэтай бясьпекі, паколькі ў артыкуле выкрываюцца злачынныя мэтады беларускіх гандляроў дзіцячай парнаграфіяй, частка зь якіх ужо арыштаваная спэцлужбамі ЗША, Францыі ды Гішпаніі. Пра гэтыя арышты, пра менскую фірму “Рэгпэй”, якая ўдзельнічала ў распаўсюджваньні платных дзіцячых парнаграфічных матэрыялаў, пра адмываньне грошай ад гэтага бізнэсу паведамлялі многія беларускія і замежныя СМІ, у тым ліку радыё “Свабода”. У мінулы панядзелак ў артыкуле Антона Мельнічука на сайце “Хартыі-97” былі апублікаваныя новыя прозьвішчы і новыя зьвесткі пра арганізатараў гэтага злачыннага бізнэсу ў Беларусі, пра іх сувязі з супрацоўнікамі праваахоўчых органаў, пра схемы адмываньня злачынна заробленых грошай ў адпаведных структурах у Латвіі і Расеі ды іншыя падрабязнасьці гэтага чорнага бізнэсу.

Але з раніцы аўторка доступ да сайту “Хартыі-97”, дзе апублікаваны гэты артыкул, заблякаваны. Пры звароце да яго інтэрнэт-праграма стала паведамляе, што доступ да сайту забаронены. Прэсавы сакратар руху “Хартыя-97” Алег Бебенін перакананы: на іх сайт адбылася хакерская атака, арганізаваная менавіта гандлярамі дзіцячай парнаграфіяй у інтэрнэце. Атака была ўчыненая шляхам імітацыі вялізнай колькасьці наведваньняў на сайт, які ў выніку блякуецца.

(Бебенін: ) “Гэтая атака наўпрост зьвязаная з разьмяшчэньнем названага матэрыялу, таму што амаль ніякія вострыя палітычныя матэрыялы, якія ў нас зьмяшчаліся, пакуль не выклікалі такой жорсткай рэакцыі менавіта з боку тэхнічнага асяродзьдзя інтэрнэту, з боку тых людзей, якія маюць перш наперш тэхнічныя сродкі. Але мы ўпэўненыя, што сваёй мэты, каб прыпыніць распаўсюд інфармацыі пра гандляроў дзіцячай парнаграфіяй, тыя, хто здзяйсьняе атаку на сайт “Хартыі”, не дасягнуць”.

Сп. Бебенін зазначае, што зараз вядзецца актыўная праца для аднаўленьня сайту, на гэта можа спатрэбіцца да некалькіх дзён. Алег Бебенін перакананы, што гэта адзіная рэальная вэрсія апошняй атакі на іх сайт. Іншыя інтэрнэт-сайты, якія апублікавалі матэрыялы пра беларускіх арганізатараў дзіцячай парнаграфіі, не заблякаваныя. У прыватнасьці, сёньня да тэмы беларускага сьледу ў дзіцячай парнаграфіі далучылася “БДГ”, якая апублікавала артыкул пад назвай “Лаліта па крэдытнай картцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG