Агульны аб’ём электраэнэргіі, якую Беларусь сёлета хоча імпартаваць, сягае 7,5 мільярда кіляват-гадзінаў. Зь іх 4 мільярды плянуецца набыць у Літвы, а астатняе ў Расеі. Вядуцца таксама перамовы з Латвіяй пра набыцьцё гэтак званай паводкавай электраэнэргіі, але гэта вельмі нязначная доля ў агульным балянсе. Адным з асноўных імпартэраў электраэнэргіі такім чынам застаецца Расея, аднак ейная электрычнасьць вельмі дарагая.
Нядаўна беларускія энэргетыкі паскардзіліся на тое, што РАТ “ЕЭС Расеі” хоча пастаўляць электраэнэргію ў Беларусь па коштах як для замежнай краіны, нягледзячы на саюзныя дамоўленасьці, ды папрасілі адпускаць ім прадукцыю па ўнутрырасейскіх коштах, як гэта было раней. На мінулым тыдні ў часе сустрэчы беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага з кіраўніком расейскага ўрада Міхаілам Касьянавым было прызнана, што патрабаваньні пастаўляць у Беларусь электраэнэргію па завышаных коштах ня маюць пад сабой грунту. Але канчаткова пра цану на расейскую электраэнэргію бакі пакуль не дамовіліся — пакуль Беларусь набывае яе толькі ў Літвы.
Між тым, прэсавы сакратар канцэрну “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што Беларусь і сама можа забясьпечваць сябе электраэнэргіяй.
(Кардуба: ) “Сваімі электрастанцыямі, тымі, якія мы маем, мы можам выпрадукоўваць сёньня спакойна, без напругі 40 мільярдаў кіляват-гадзінаў энэргіі. А спажываньне 34. То бок, мы маглі б сябе самазабясьпечваць. Але ж нам усё адно трэба набыць паліва. Дзе? У той жа Расеі. Мазут ці газ. А электраэнэргію браць лепей. Гэта ж мы капцім неба, а гэта чыстая прадукцыя, таму мы бачым выгаду ў тым, каб узяць электраэнэргію замест таго ж мазуту ці газу”.
Прадстаўнікі РАТ ЕЭС Расеі ў гутарцы са мной пры гэтым падкрэсьлілі, што насамрэч гаворка ня ішла пра падвышэньне коштаў для Беларусі як для замежнай краіны. Яны па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што прыкладная цана паставак адпавядала цане, усталяванай Фэдэральнай энэргетычнай камісіяй і супадае з цаной паставак электраэнэргіі з гуртавога рынка ў Смаленскую й Бранскую вобласьці. Як гавораць у прэсавай службе кампаніі, беларускі бок хоча набываць электраэнэргію яшчэ таньней, чым як набываюць расейскія спажыўцы. РАТ ЕЭС Расеі не разумее, чаму беларускі бок сказіў факты наконт цэнаў.
Як паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі Беларусі, у найбліжэйшыя дні ў Маскве адбудуцца чарговыя перамовы наконт паставак расейскай электраэнэргіі.