Старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская гаворыць, што штуршком да гэтых кансультацыяў стала ўтварэньне 10 студзеня перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь”:
(Стужынская: ) “Гэта сапраўды прагучала. Прагучала пасьля таго, як моладзь заявіла пра стварэньне чарговай кааліцыі. Я проста сказала: ну, засталося яшчэ толькі жанчынам аб’яднацца...”
І хаця спадарыня Стужынская сьцьвярджае, што тады яна толькі пажартавала, некаторыя актывісткі вырашылі, што гэта слушная прапанова. Дарэчы, Ніна Стужынская таксама лічыць, што жанчыны маюць пэўныя перавагі ў параўнаньні з мужчынамі:
(Стужынская: ) “Калі сур’ёзна пралічваць усе палітычныя крокі, то трэба перадусім улічваць рэсурсы. Я лічу, што ёсьць такі рэсурс, які можна назваць прэзэнтацыйнасьцю, адукаванасьцю, падрыхтаванасьцю жанчын. Усё гэта ёсьць”.
Аднак, на думку старшыні Беларускай жаночай лігі, жаночыя арганізацыі Беларусі й асобныя актывісткі могуць задаволіць свае палітычныя выбарчыя інтарэсы ў рамках ужо створанай “Эўрапейскай кааліцыі”.
Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што падчас выбарчай кампаніі жаночыя аб’яднаньні маюць права на існаваньне:
(Процька: ) “Палітыка не бывае ні жаночай, ні мужчынскай, ні дзіцячай, ні моладзевай. Палітыка, як любая спэцыяльнасьць, ня мае нейкіх гендэрных адценьняў. Таму гаворка павінна ісьці аб прафэсійнасьці тых камандаў, якія хочуць удзельнічаць у палітычнай дзейнасьці. Калі яны дастаткова прафэсійныя, які брэнд яны выбіраюць — гэта ўжо іншае. Так, можна для нашай палітычнай дзейнасьці выбіраць розныя брэнды: і моладзевы, і жаночы. Але гэта ўжо тэхналёгія прафэсійнай палітычнай дзейнасьці. Калі ў іх ёсьць мадэль, калі яны паглядзелі, і ім падаецца, што гэта выйгрышна, чаму ж не?”