Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЯ МОЖА РАЗЬМЯСЬЦІЦЬ У КАЛІНІНГРАДЗКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ЯДЗЕРНУЮ ЗБРОЮ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Чуткі пра магчымае перанясеньне амэрыканскіх вайсковых базаў на тэрыторыю Польшчы сталі рэальнасьцю летась у сьнежні, калі Варшаву наведала дэлегацыя Пентагону на чале з намесьнікам міністра абароны ЗША Дугласам Файтам.

Тады прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Міллер заявіў, што прысутнасьць жаўнераў ЗША ў Польшчы была б саліднай гарантыяй бясьпекі для палякаў, а таксама шанцам на паскарэньне эканамічнага разьвіцьця.

На сёньняшні дзень скончылася першая частка кансультацыяў паміж Варшавай і Вашынгтонам, у часе якой былі разгледжаныя прынцыповыя пытаньні, зьвязаныя зь перанясеньнем амэрыканскіх баз увогуле.

Паводле кіраўніцтва Міністэрства абароны Польшчы, ніякіх афіцыйных рашэньняў у гэтай справе пакуль няма. Гэта падцьвердзіў напярэдадні і дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл.

(Паўэл: ) “Ня думаю, каб міністар абароны Доналд Рамсфэлд прыняў у гэтай справе нейкія канкрэтныя рашэньні ды прадставіў іх прэзыдэнту. Мы вядзем размовы з усімі нашымі саюзнікамі ва ўсходняй Эўропе. Але ніякіх рашэньняў у справе канкрэтных месцаў дысьлякацыі базаў пакуль няма, у тым ліку і што тычыцца Польшчы”.

Неафіцыйна, аднак, паведамляецца, што Варшава запрапанавала Пэнтагону заняць базу ў гарадку Повідз каля Познані. Там месьціцца лётнішча, якім калісьці карысталіся войскі Варшаўскай дамовы. Паводле сваіх тэхнічных парамэтраў яно параўнальнае да лётнішча у нямецкім Рамштайне, дзе знаходзяцца амэрыканскія вайскоўцы цяпер. Акрамя гэтага, палякі запрапанавалі амэрыканцам базы ў мястэчках Кшэсіны, таксама каля Познані, і Ласк каля Лодзі.

Магчымая дысьлякацыя вайскоўцаў ЗША на польскай тэрыторыі выклікала пратэсты Масквы. Сёньня найбольш масавы польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве абароны Расеі паведамляе, што ў адказ на перанясеньне амэрыканскіх вайсковых базаў на тэрыторыю Польшчы Расея можа разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці ядзерную зброю.

Між тым, міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзіньскі заявіў, што ў пытаньнях, зьвязаных са сталай прысутнасьцю вайскоўцаў ЗША на польскай тэрыторыі, Варшава абавязкова будзе кансультавацца са сваімі суседзямі.

(Шмайдзіньскі: ) “Перанясеньне амэрыканскіх базаў у Польшу не скіраванае супраць Расеі ці нашых суседзяў, а супраць новых пагрозаў, што зьявіліся ў сучасным сьвеце: тэрарзызму і распаўсюджваньня зброі масавага зьнішчэньня”.

Варта адзначыць, што ў часе працяглага абмеркаваньня ў польскай прэсе і тэлебачаньні магчымых міжнародных рэакцыяў на прысутнасьць вайскоўцаў ЗША ў Польшчы, слова “Беларусь” увогуле ня ўзгадвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG