Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУЛАГАЎСКІЯ ШЛЯХІ БЕЛАРУСКАГА СЬВЯТАРА

Валянціна Аксак, Менск

Айцец Язэп Германовіч належыць да кагорты тых каталіцкіх сьвятароў, якія амаль сто гадоў таму першымі ў сваёй душпастырскай дзейнасьці пачалі абуджаць у парафіянах беларускія нацыянальныя пачуцьці. Ён нарадзіўся ў 1890-м годзе ў мястэчку Гальшаны. Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю і праз колькі часу ўступіў у Ордэн Айцоў Марыянаў, які 80 гадоў таму распачаў сваю дзейнасьць у Друі. Там ён апрача сьвятарскага служэньня выкладаў у гімназіі, якой апекаваліся марыяне. Праз колькі часу прыняў усходні каталіцкі абрад і быў накіраваны сьвяцейшым прастолам у кітайскі горад Харбін, у якім тады жылі шматтысячныя эмігранты з былое Расейскае імпэрыі і сярод якіх Язэп Германовіч разам зь іншымі сьвятарамі-беларусамі вёў рэлігійную і культурна-адукацыйную працу. У 1936 годзе з прычыны здароўя вярнуўся на радзіму і заснаваў у Вільні некалькі нацыянальна-рэлігійных інстытуцыяў, якімі апекаваліся айцы-марыяне.

Беларуская дзейнасьць Друйскіх марыянаў прыйшлася недаспадобы польскім уладам, і кляштар і ўсе заснаваныя марыянамі культурна-асьветныя ўстановы яны зачынілі. Айцец Германовіч зноў выехаў у кітайскі Харбін, дзе ў каталіцкай місіі працягваў сьвятарскую і адукацыйную дзейнасьць. Аднак пасьля вайны кітайскія камуністы бальшыню сьвятараў выдалі саветам — як японскіх шпіёнаў. Прысудзілі айца Германовіча да 25 гадоў гулагаў.

Вызвалены пасьля афіцыйнага выкрыцьця сталінізму, ён ня мог жыць і працаваць на радзіме і змушаны быў эміграваць. Кніга ўспамінаў “Кітай–Сібір–Масква” распавядае пра ўсе гэтыя падзеі ў жыцьці аўтара і народу.

Мэмуары Язэп Германовіч напісаў у эміграцыі. Асобным выданьнем пад тым самым назовам, што і цяпер, яны ўпершыню выйшлі ў 1962 годзе ў Мюнхэне, намнога раней за першыя антысталінскія расейскія выданьні. Аднак доўгі час гулагаўская праўда беларускага сьвятара заставалася вядомаю толькі ў эміграцыйных асяродках.Першыя спробы распавесьці на радзіме пра кнігу Германовіча былі зробленыя ў 1990 годзе ў артыкуле Івана Ласкова “Шлях пакутніка”, які быў надрукаваны ў газэце “ЛіМ”. А ў 1994 годзе часопіс “Спадчына” надрукаваў некалькі фрагмэнтаў кнігі. І вось поўны тэкст успамінаў прэзэнтаваны ў Менску. Ён выйшаў накладам 1 тысяча асобнікаў таксама, дарэчы, не на радзіме, а ў санкт-пецярбурскім выдавецтве “Неўскі прасьцяг”. Гэтым выданьнем клюб грэка-каталіцкае інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага і гістарычнае згуртаваньне “Дыярыюш” ушаноўваюць дзьве даты: 25 гадоў з часу, як ня стала айца Язэпа Германовіча, і 80-годзьдзе заснаваньня Беларускага кляштару Марыянаў у Друі.
XS
SM
MD
LG