Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ПРЫНЯСЕ НАЦЫЯНАЛІЗАЦЫІ МЕНСКАГА ГІСТАРЫЧНАГА ЦЭНТРУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Нацыянальнага сходу Ўладзімер Парфяновіч ужо прайшоў праз нацыяналізацыю будынкаў у Верхнім горадзе, пра якую 29 сьнежня абвесьціў Аляксандар Лукашэнка. Парфяновіч быў акцыянэрам кампаніі, якая прыватызавала і аднавіла чатыры будынкі ў Верхнім горадзе, але была пазбаўленая сваёй маёмасьці нібыта на падставе знойдзеных парушэньняў.

(Парфяновіч: ) “Там былі руіны, на аднаўленьне дамоў мы бралі вялікія крэдыты, потым гэтыя грошы вярнулі, але нас абвінавацілі, нібыта мы прыватызавалі гатовыя дамы, хаця гэта чыстая няпраўда”.

Усяго з прычыны нацыяналізацыі фірма, у якой працаваў Уладзімер Парфяновіч, згубіла 2 мільёны даляраў. Дэпутат не выключае, што гэта помсьцілі яму як апазыцыянэру. Каб далей былыя калегі не рызыкавалі, Уладзімер Парфяновіч выйшаў зь ліку акцыянэраў кампаніі. Цяпер ён перакананы, што калі дзяржаўныя чыноўнікі атрымаюць загад адабраць адрамантаваныя пабудовы ў любога з уладальнікаў, загад будзе выкананы, а суды пагодзяцца зь любым апраўданьнем гэтых незаконных дзеяньняў.

“Беларусь далей уцягваецца ў вір сацыялізму. Калі мы ня рухаемся да рынку, то рухаемся ў адваротны бок”, — гэткую прыкмету ў плянах нацыяналізацыі будынкаў у Верхнім горадзе бачыць прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа. Ён нагадаў, што рэстаўрацыя гістарычнага цэнтру беларускай сталіцы на пачатку 1990-х гадоў фактычна спынілася і аднавілася толькі дзякуючы прыватным інвэстыцыям. Паводле Аляксандра Патупы, цяпер беларускія і замежныя інвэстары абавязкова адрэагуюць на пляны нацыяналізацыі ўжо адноўленых будынкаў.

(Патупа: ) “Для інвэстараў гэта вельмі дрэнны сыгнал пра тое, што любыя інвэстыцыі ў нерухомасьць могуць нацыяналізаваць без прыстойнай кампэнсацыі, а таксама без уліку страчаных прыбыткаў у будучыні”.

Аляксандар Патупа заявіў, што Беларускі саюз прадппрымальнікаў асуджае незаконную нацыяналізацыю прыватнай уласнасьці і гатовы аказаць падтрымку тым прадпрымальнікам, якіх яна закране.

А вось пазыцыя намесьніка старшыні менскага Таварыства аховы гістарычных помнікаў Уладзімера Дзянісава ў гэтым пытаньні дваістая. З аднаго боку, ён не задаволены якасьцю таго навабуда, які ёсьць вынікам дзейнасьці бізнэсоўцаў у гістарычнай частцы Менску. Гісторык архітэктуры спадзяецца, што больш пільны дзяржаўны канроль за рэстаўрацыяй дапаможа вярнуць у гістарычны цэнтар гораду турыстаў, бо цяпер там пануюць бізнэсоўцы, якія набудавалі офісаў. Але ўдыхнуць новае жыцьцё ў цэнтар гораду, на думку Ўладзімера Дзянісава, немагчыма без уліку ідэяў з боку грамадзкіх арганізацыяў. Актывіст Таварыства аховы помнікаў апасаецца, што абвешчаная дзяржавай нацыяналізацыя скончыцца заменай адной структуры, якая абыякавая да спадчыны, на другую, падобную.

(Дзянісаў: ) “Калі ўдасца спыніць такія фірмы, як “Паркінг”, які будуе шматпавярховы гараж на Нямізе ў гістарычным цэнтры, то будзе добра. Але, на жаль, можа адбыцца толькі тое, што гэтыя аб’екты ад адной фірмы пяройдуць да іншых”.

Уладзімер Дзянісаў таксама занепакоены лёсам некаторых грамадзкіх арганізацыяў, якія маюць свае будынкі ў Траецкім прадмесьці й фінансуюцца ў асноўным праз здачу часткі плошчаў у арэнду. Для іх нацыяналізацыя будзе азначаць непазьбежную ліквідацыю, — лічыць навуковец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG