Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ХАЙ СУД ВЫЗНАЧЫЦЬ ЯГОНЫ ЛЁС”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зважаючы на просьбы маіх суразмоўцаў, я мусіў паабяцаць не паведамляць назву гандлёвага цэнтру, у якім распытваў іх адносна арышту Садама Хусэйна. Справа ў тым, што ўраджэнцы Блізкага Ўсходу стала тут працуюць і баяцца, што іх будзе лёгка выявіць паводле галасоў. Баяцца яны не за сябе, а за сваякоў. Прыкладам, у іракца Ахмэда сваякі знайшлі прытулак у Сырыі, а там, паводле Ахмэда, дыктатура прыкладна такая ж, якая была ў Іраку. Тое, што Садама Хусэйна затрымалі, Ахмэд падтрымлівае. Ён патлумачыў, чаму:

(Ахмэд: ) “Таму што ён дыктатар. Хай зараз суд вызначыць ягоны лёс”.

Паводле Ахмэда, было б лепш, каб былога ірацкага дыктатара судзіў міжнародны суд.

(Ахмэд: ) “Міжнародны суд клапоціцца пра дэмакратыю і свабоду ва ўсім сьвеце, а ня толькі ў арабскіх краінах. Але калі ірацкі суд будзе дзейнічаць паводле міжнародных нормаў, то я падтрымліваю і ірацкі суд”.

Дарэчы, Ахмэд і ягоныя сваякі ды знаёмыя не сумняваліся, што Хусэйна арыштуюць. Яны спасылаюцца на веданьне асаблівасьцяў Усходу, паводле якіх за вялікія грошы там выдадуць каго заўгодна. Аднак Ахмэд ня думае, што арышт Хусэйна хутка прывядзе да міру ў Іраку. “Многія нашыя людзі ўспрымаюць прыход амэрыканцаў як акупацыю і пераканаць іх можа толькі вывад войскаў”, — лічыць іракец Ахмэд.

Ягоны калега афганец Нуры больш рашучы ў патрабаваньнях да ЗША. Ён выказаўся за сябе і свайго сябра Мухамэда, які стаяў побач:

(Нуры: ) “Мы хочам, каб амэрыканцы тэрмінова вызвалілі Садама Хусэйна і ўвогуле сышлі з Іраку і далі свабоду народу Іраку. Іракцы самі мусяць вырашыць свой лёс”, — заявіў Нуры, які некалькі гадоў таму прыехаў у Беларусь з Афганістану.

Паводле Нуры, іракцы дастаткова разьвіты народ, каб бязь зьнешняга ціску вызначыцца, што рабіць з былым лідэрам краіны.

(Нуры: ) “Ірацкі народ таксама любіць свабоду. Там дастаткова нармалёвых людзей і яны самі мусяць судзіць кагосьці, асабліва кіраўніка краіны”.

А вось зямляк Нуры афганец Саід сумняецца, што ў Іраку магчыма правесьці дэмакратычны судовы працэс над былым дыктатарам. Саід увогуле перакананы, што калі амэрыканцы і іх хаўрусьнікі выведуць войскі, у Іраку зноў будзе ўсталяваная дыктатура. Паводле Саіда, гэта абумоўлена асаблівасьцямі нацыянальнага складу насельніцтва Іраку.

(Саід: ) “Якая дэмакратыя? Там жа шматнацыянальная краіна — курды, суніты, шыіты. Там усё роўна будуць ваяваць. Без дыктатуры, мяркую, там нічога добрага ня будзе”.

А яшчэ адзін мой суразмоўца, Абдула зь Лібану, зазначыў толькі, што ён не падтрымлівае арышту Хусэйна, але не патлумачыў сваёй пазыцыі, спаслаўшыся на няведаньне мовы.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, ірацкая дыяспара ў Беларусі налічвае каля 100 чалавек. Большасьць зь іх жывуць у Менску — гандлююць на рынках, займаюцца дробным бізнэсам. Мітынгі ў абарону Іраку, якія рэгулярна праводзіліся цягам апошніх гадоў у Менску, звычайна зьбіралі да 200 чалавек. Адзначалася, што на гэтыя мітынгі актыўна прыходзілі былыя грамадзяне Афганістану, Сырыі, Лібану ды іншых краінаў Блізкага Ўсходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG