Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ’ЕР-МІНІСТАР ПОЛЬШЧЫ ШПІТАЛІЗАВАНЫ ПАСЬЛЯ АВАРЫЙНАЙ ПАСАДКІ ЎРАДАВАГА ГЕЛІКОПТЭРА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Усе машыны ўрадавага паветранага флёту ў Польшчы – савецкай вытворчасьці, а большасьць зь іх даўно састарэлі. Урадавы гелікоптэр Мі-8 з польскім прэм’ерам Лешкам Мілерам на борце, які ледзь не разьбіўся ўчора пад Варшавай, зроблены яшчэ ў 1977 годзе.

Акрамя гэтага гелікоптэру, да ўрадавага паветранага флёту належаць два самалёты Ту-154 і 8 самалётаў Як-40. Большасьць гэтых машынаў ужо даўно не прыдатныя для далейшага выкарыстаньня і лётаць імі небясьпечна.

Так, у лістападзе 2001 году той жа прэм’ер Лешэк Мілер быў вымушаны вяртацца зь Нямеччыны іншым самалётам, бо ва ўрадавага Як-40 яшчэ ў аэрапорце загарэліся рухавікі – іх тушылі пажарныя машыны.

А ў 1999 годзе таксама Як-40 са старшынём польскага Сэнату на борце змог зрабіць аварыйную пасадку на мяжы Савудаўскай Арабіі і Ярданіі толькі дзякуючы майстэрству пілёта. За чатыры гады да гэтага, колішні прэм’ер Юзэф Алексы ня змог своечасова паляцець на важнае замежнае спатканьне, бо ў ягоным Ту-154 сапсаваліся рухавікі.

Паводле польскіх законаў, каб набыць нешта для дзяржаўнай адміністрацыі – а за гэта, натуральна, плацяць падаткаплатнікі – мусіць быць абвешчаны адкрыты конкурс. Гэта дазваляе пазьбегнуць карупцыі.

Такім чынам летась польскае кіраўніцтва абвесьціла тэндэр на пастаўку новых урадавых самалётаў. Вынікі гэтага тэндэру, аднак, былі скасаваныя, бо дзьве з трох фірмаў, якія ў пачатку выказалі намер запрапанаваць самалёты, пазьней ад гэтага адмовіліся.

А ўжо сёлета ў жніўні з прычыны цяжкай эканамічнай сытуацыі ў краіне і недахопу бюджэтных сродкаў польскі ўрад вырашыў увогуле адмовіцца ад набыцьця новых самалётаў.

Пасьля ўчорашняга здарэньня 9 з 14 пасажыраў урадавага гелікоптэра Мі-8 знаходзяцца ў варшаўскім шпіталі Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Аднаму зь іх будзе зробленая апэрацыя.

Паводле лекараў, сам Лешэк Мілер лёгка паранены. Гаворыць доктар Марэк Дурлік:

(Дурлік: ) “Здароўю спадара прэм’ера нічога не пагражае. Празь некалькі дзён ён будзе выпісаны”.

Польскі прэм’ер, які наступным тыднем меў быў паехаць на спатканьне кіраўнікоў урадаў 25 краінаў пашыранага Эўразьвязу, заявіў, што зробіць гэта, нават калі будзе ў гіпсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG