Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДА ЎЗМАЦНЯЕ КАНТРОЛЬ НАД ЗАМЕЖНАЙ ГУМАНІТАРНАЙ ДАПАМОГАЙ


Уладзімер Глод, Менск

Прадстаўнікі ўсіх арганізацыяў, якія маюць дачыненьне да гуманітарнай дапамогі і зь якімі мне сёньня давялося размаўляць, вельмі зьдзіўленыя зьяўленьнем дэкрэту і ўказу прэзыдэнта. Яны кажуць, што і раней дзяржаўныя органы кантралявалі фактычна кожны іхны крок. Так, старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская ліга жанчын” Ніна Стужынская гаворыць:

(Стужынская: ) “Мне здаецца, што мы і так пад агульным і ўсеабдымным кантролем працуем. Калі й атрымліваецца гэтая гуманітарная дапамога, то яна бывае адрасная — канкрэтна Сідараву, Іванову ці Пятрову з канкрэтнага месца. І ўсё гэта ідзе праз гуманітарныя фонды. І мы можам быць толькі ў якасьці адрасата. Нават ня я, а сябры маёй арганізацыі, якія маюць непасрэдныя кантакты зь людзьмі ў Нямеччыне, ці дзеці. Часьцей за ўсё гэта дзеці — хворыя дзеці ці шматдзетныя маці. Гэта — ўзмацненьне кантролю. Але, я думаю, што будуць шукаць на пустым месцы. Абсалютна. Бог мілаваў, што называецца. Таму што ня бралі, да рук не прыставала. Ніколі ня мелі дачыненьня да брудных справаў”.

Старшыня Беларускага фонду міру Марат Ягораў таксама зьвяртае ўвагу на тое, што недахопу ў кантралёрах ня было і раней:

(Ягораў: ) “Кантралюе гэтую гуманітарную дапамогу шмат хто: дзяржаўны кантроль, дэпартамэнт кантралюе… Кантралёраў больш чым дастаткова. У нас не было ніякіх канфліктаў ні з мытнікамі, ні з дэпартамэнтам, ні з падатковымі інспэктарамі. Тая старая схема, якая была раней, працавала — і дастаткова дакладна”.

Выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту юрыст Алег Гулак перадусім зьвяртае ўвагу на тое, што новы дакумэнты абмяжуе актыўнасьць грамадзянаў Беларусі:

(Гулак: ) “Па-першае, дэкрэт яўна паказвае, што дзяржава, мабыць, напярэдадні парлямэнцкіх выбараў хоча накіраваць рознага кшталту актыўнасьць грамадзянаў толькі на мэдычную і сацыяльную дапамогу, правядзеньне навуковых дасьледаваньняў. А вось рознага кшталту адукацыйная праца, правядзеньне сэмінараў, перадача нашым грамадзянам ноў-хаў у галіне кіраваньня дзяржавай, сфэры заканадаўства, напрыклад, бараніць свае правы ў нашай дзяржаве — гэта ўсё, як вынікае з тэксту дэкрэту, прызнаецца шкодным і забараняецца на гэтыя мэты выкарыстоўваць сродкі замежнай дапамогі. Адрозна ад дзейнага заканадаўства вызначанае кола дзяржаўных суб’ектаў, якім дадзена права кантролю. Ня хопіць пальцаў на руцэ, каб усе гэтыя структуры, якія будуць кантраляваць, пералічыць”.

Паводле лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў, зьмены ў заканадаўстве пра гуманітарную дапамогу непасрэдна да партыяў дачыненьня ня маюць. Кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч сьцьвярджае:

(Статкевіч: ) “Нас гэта ні ў якай ступені ня тычыцца. Партыя такой дапамогі атрымліваць ня можа і не атрымлівае, таму што гэта забаронена і беларускім заканадаўствам, і заканаўдаствам тых краінаў, якія цяпер тэарыэтычна могуць аказваць такую дапамогу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG