Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ПЕРАМОГ НА ПАЎТОРНЫХ ВЫБАРАХ У БЕЛААЗЁРСКУ?


Алег Супрунюк, Белаазёрск

Яшчэ ўвечары 23 лiстапада, пасьля падлiку галасоў, участковыя выбарчыя камiсii Белаазёрску абвесьцiлi пра абраньне дзесяцi новых дэпутатаў мясцовага гарсавету. Падчас выбарчай кампанii ўсе яны карысталiся падтрымкай выканаўчай вэртыкалi. У дзьвюх акругах павiнен адбыцца другi тур галасаваньня: барацьбу ў iм працягваюць кандыдаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада” — Iрына Драчэнка i Дзьмiтры Трацьцяк.

Аднак назiральнiкi гатовыя аспрэчваць вынiкi галасаваньня ў некаторых акругах. Паводле словаў старшынi Берасьцейскага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камiтэту Iгара Маслоўскага, ёсьць падставы сьцьвярджаць, што ў дзьвюх акругах выбары не адбылiся, бо тут прагаласавала менш за палову выбарцаў. Праваабаронцы кажуць, што сябры камiсiяў наўмысна зьменшылi колькасьць выбарцаў на участках, каб галасаваньне лiчылася сапраўдным. Акрамя таго, назiральнiкi зафiксавалi шмат парушэньняў заканадаўства, калi сябры выбарчых камiсiяў з уласнай iнiцыятывы наведвалi кватэры жыхароў Белаазёрску з так званымi пераноснымi скрынямi.

Кандыдаты ў дэпутаты ад “Народнай грамады”, акрамя пагрозаў звальненьня з працы, адчулi падчас выбарчай кампанii i велiзарны iнфармацыйны цiск. Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што нiколi раней у горадзе не было столькi ўлётак, скiраваных супраць кандыдатаў ад апазыцыi.

Сябры “Народнай грамады” ня лiчаць вынiкi выбараў сваёй паразай. Гаворыць старшыня партыi Мiкола Статкевiч, якi назiраў за хадой выбараў непасрэдна ў Белаазёрску.

(Статкевiч: ) “Найперш, я лічу сам факт удзелу нашай партыі ў гэтых выбарах станоўчым. Таму што менавіта дзякуючы намаганьням улады, вялікай колькасьці публікацыяў і ўлётак з нэгатывам пра нас цяпер ва ўсім Бярозаўскім раёне ведаюць, што існуе такая партыя, якая імкнецца прапанаваць альтэрнатыву дзейнай уладзе. Акрамя таго, я вельмі задаволены тым, што знайшліся людзі, якія мужна прынялі выклік улады, пайшлі на барацьбу, вытрымалі гэтае ўсё. Я лічу, што партыйная арганізацыя добра правяла выбарчую кампанію, але безумоўна, не для таго рабіліся гэтыя паўторныя выбары, каб дазволіць нам паўтарыць веснавы посьпех”.

Хаду выбарчай кампанii ў Белаазёрску кантралявалi шматлiкiя чыноўнiкi раённага i абласнога ўзроўню, якiя ставiлi за мэту пазбавiць дэмакратычную апазыцыю большасьцi ў мясцовым гарсавеце. Жыхары гораду кажуць, што такiм чынам вэртыкаль падрыхтавалася да вiзыту ў Белаазёрск Аляксандра Лукашэнкi, якi зьбiраецца наведаць Бярозаўскую ДРЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG