Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ МЕНСКАЕ МЭТРО БУДУЕЦЦА МАРУДНЕЙ, ЧЫМ ПЛЯНАВАЛАСЯ?


Юлія Шарова, Менск

(Голас дыктара ў мэтро: ) “Канцавая станцыя “Пушкінская”. Поезд далей ня ідзе, калі ласка, пакіньце вагоны”.

Гэтую абвестку кожны раз чуюць пасажыры менскага мэтро, якія езьдзяць да “Пушкінскай”. Вялікі перасадачны пункт, ад якога шмат менчукоў штодня накіроўваюцца на працу ці вучобу. І адна з самых загружаных станцыяў менскай падземкі — разам з “Кастрычніцкай” ды “Інстытутам культуры”.

Я прыехала на “Пушкінскую” прыкладна а палове на дзясятай раніцы. Народу было няшмат — з мэтро выйшла можа некалькі дзясяткаў чалавек. Але ў гадзіны пік тут звычайна віруе натоўп, у якім людзей трэба лічыць ужо тысячамі. Як сказала мне кантралёрка Ірына Абрамовіч, супрацоўнікі мэтро вельмі чакаюць, калі адчыняцца новыя станцыі — і на “Пушкінскай” стане меней народу.

(Абрамовіч: ) “Плыня людзей вельмі вялікая. Не пасьпяваем нават удваіх на кантролі. Людзей вельмі шмат, проста ідзе калёна людзей”.

У гадзіны пік — раніцай ды ўвечары — шчыльны натоўп людзей запаўняе і прыпынкі грамадзкага транспарту, асабліва той, што на праспэкце Прытыцкага. Тралейбусы і аўтобусы ўбок Захаду і Кунцаўшчыны можна ўзяць хіба штурмам. Маршруткі запаўняюцца вокаімгненна, на іх становяцца ў асобныя чэргі. Пасажыры, зь якімі я паразмаўляла, таксама хочуць, каб мэтро будавалі хутчэй.

(Дзяўчына: ) “У любым выпадку гэта было б значна зручней, бо на дадзены момант увечары гэта праблема. Калі зранку ідзе дастаткова транспарту, то ўвечары, улічваючы, што мэтро працуе крыху пазьней, то людзям было б больш зручна дабірацца”.

(Спадар: ) “Канечне ж, было б лепей, каб адчынілі астатнія станцыі”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы часта езьдзіце ў той бок?”

(Спадар: ) “Так, часта. Але карыстаюся маршруткай, бо ў трапспарт складана трапіць”.

(Пэнсіянэр: ) “Адтуль колькі народу едзе! Яны ўсе сюды едуць аўтобусамі, а маглі б сесьці на мэтро й паехаць наўпрост”.

(Спадарыня: ) “У мяне жыве сяброўка ў Кунцаўшчыне. Яна вельмі чакае. Яна выкладчыца моваў, і ёй даводзіцца шмат езьдзіць туды-сюды. Гэта сапраўды вельмі складана”.

Тры новыя станцыі на Аўтазаводзкай галінцы адчыняцца ў ліпені 2005 году — так мне сказаў начальнік унітарнага прадпрыемства “Дырэкцыя па будаўніцтве Менскага мэтрапалітэну” Сяргей Мярцалаў. Паводле ягоных словаў, адкрыцьцё станцыяў спачатку прызначалі на 2006 год, аднак аб’екты трапілі пад праграму дзяржаўнага сацыяльнага разьвіцьця і таму запусьцяць іх раней. Што да дзьвюх новых станцыяў на Маскоўскай галінцы, якія ідуць у бок Уручча, то іх адчыняць толькі ў 2008 годзе. Спадар Мярцалаў гаворыць, што больш шпаркаму разьвіцьцю менскага мэтрапалітэну перашкаджае нястача грошай.

(Мярцалаў: ) “Кошт аднаго кілямэтру гатовага тунэлю складае прыблізна 30 мільёнаў даляраў. І бюджэт гарадзкі ня можа забясьпечыць такога аб’ёму фінансаваньня для будаўніцтва больш хуткімі тэмпамі”.

Зрэшты, недахоп грошай ды іншыя цяжкасьці чамусьці не перашкодзілі менскім уладам 5 верасьня 2001 году акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зрабіць менчукам падарунак — адчыніць станцыю мэтро “Магілёўская”. Спачатку плянавалі запусьціць яе ў лістападзе таго году, але літаральна за два месяцы перад выбарамі мэтро чамусьці вельмі апэратыўна дабудавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG