Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ ШУКАЛІ БОМБУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

За 15 хвілінаў да пачатку разгляду пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі цэнтру “Вясна” будынак Вярхоўнага суду ачапілі міліцыянты. Яны заявілі, што будуць шукаць выбуховае прыстасаваньне і пачалі заклікаць удзельнікаў працэсу, міжнародных і беларускіх назіральнікаў ды журналістаў (усяго каля 50 чалавек) адысьціся далей ад будынку.

(Міліцыянты: ) “Паважаныя грамадзяне, просьба адысьці далей. Прайдзіце, калі ласка, на верхнюю пляцоўку”.

Калі прылеглы да суду раён быў апяразаны спэцыяльнай аранжавай стужкай, да прысутных выйшаў супрацоўнік службы аховы Вярхоўнага суду і сказаў:

(Супрацоўнік: ) “Інфармацыя паступіла ў дзяжурную частку гарадзкога аддзелу міліцыі №1. Больш я пакуль нічога ня ведаю”.

Гэты ж ахоўнік паведаміў, што разгляд справы аб ліквідацыі цэнтру “Вясна” пераносіцца на 22 кастрычніка. Прыкладна 25 хвілінаў піратэхнікі шукалі бомбу, але нічога не знайшлі. Пасьля супрацоўніца прэсавай службы менскай гарадзкой управы міліцыі распавяла Беларускай Свабодзе:

(Супрацоўніца: ) “Вядома, што бомбы там не было, і яе не знайшлі. На палову дзясятай раніцы, здаецца, паступіла паведамленьне ў дзяжурную частку міліцыі. Нумар тэлефону ня вызначыўся. Мяркуецца, што тэлефанавала маладая жанчына. 25 чалавек з будынку суду былі эвакуяваныя. Выяжджала спэцпадразьдзяленьне “Алмаз”. На гэты момант дзейнасьць суду адноўленая”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так пракамэнтаваў гэтае здарэньне:

(Бяляцкі: ) “Для нас нечакана тое, што працэс адкладаецца. Даць нейкіх лягічных камэнтароў я не магу, проста ня ведаю, што й сказаць. Ці сапраўды было гэтае тэлефанаваньне, ці гэта ўсё ж такі жаданьне ўладаў перанесьці разгляд справы і зрабіць так, каб у працэсе ўдзельнічала значна меншая колькасьць людзей, чым тая, што зьбіраецца ўдзельнічаць у нашым працэсе”.

Мінюст абвінавачвае цэнтар “Вясна” ў неправамоцным правядзеньні ўстаноўчага сходу, у нелегітымным назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году, у абароне ў судах інтарэсаў людзей, якія ня ёсьць сябрамі арганізацыі і г.д. Алесь Бяляцкі гаворыць, што абвінавачаньні Мінюсту незаконныя і беспадстаўныя.

Прадстаўнікі “Вясны” даволі грунтоўна падрыхтаваліся да працэсу, але не спадзяюцца, што суд прыме рашэньне на іх карысьць. У абарону “Вясны” выступілі многія міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Некаторыя зь іх даслалі ў Менск на працэс сваіх назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG