Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАТАЛІЦКІХ ПРЫХОДАХ БЕЛАРУСІ ПАЧАЛІСЯ ЎРАЧЫСТАСЬЦІ З НАГОДЫ 25 ГАДАВІНЫ ПАНТЫФІКАТУ ЯНА ПАЎЛА ІІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўная ўрачыстасьць з нагоды 25-годзьдзя пантыфікту Яна Паўла ІІ пачалася 16 кастрычніка а 18 гадзіне ўвечары ў менскім касьцёле сьвятых Сымона й Алены. Амбасадар Ватыкану ў Беларусі арцыбіскуп Іван Юркавіч разам з многімі каталіцкімі сьвятарамі пачалі ўрачыстасьць служэньнем літургіі ўдзячнасьці Богу за тое, што Ян Павал ІІ вось ужо 25 гадоў узначальвае Каталіцкую Царкву.

Перад уваходам у касьцёл граў вайсковы духавы аркестар і стаяла ганаровая варта. Гаворыць арганізатар урачыстасьці пробашч Чырвонага касьцёлу ксёндз Уладзіслаў Завальнюк:

(кс.Завальнюк: ) “Мы сапраўды ад душы й сэрца дзякуем Ўсявышняму за гэтую пекную дату 25-годзьдзя пантыфікату Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Для нашай Айчыны-Беларусі гэта таксама Божае дабраславеньне. Вялікі духоўны клопат Сьвятога Айца пра вернікаў, і ўвогуле пра ўсіх хрысьціянаў — мы за гэта вельмі ўдзячныя Ўсявышняму за гэты Божы Провід, які мы атрымалі дзякуючы пантыфікату Сьвятога Айца”.

На ўрачыстасьць былі запрошаныя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, уладаў, праваслаўнай і пратэстанцкіх канфэсіяў, а таксама творчай інтэлігенцыі, журналісты ды іншыя асобы. Яшчэ адзін арганізатар урачыстасьці, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай нястомнай дапамогі айцец Казімір Ляховіч лічыць, што ў многім дзякуючы дзейнасьці Яна Паўла ІІ ва Ўсходняй Эўропе адбыліся сур’ёзныя зьмены:

(а.Ляховіч: ) “Гэта неардынарная асоба. Ян Павал ІІ зрабіў шмат для сьвету ў справе міру, а таксама зрабіў вельмі шмат для Каталіцкай Царквы, асабліва ва Ўсходняй Эўропе. Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ развалілася савецкая камуністычная сыстэма, і Касьцёл атрымаў свабоду. У гэтым немалая заслуга папы”.

З 25-годзьдзем пантыфікату Яна Паўла ІІ павіншаваў і Аляксандар Лукашэнка. Беларускі кіраўнік пажадаў рымскаму першасьвятару здароўя, доўгіх гадоў жыцьця і плённага выкананьня сваёй адказнай місіі.

За 25 гадоў знаходжаньня на ватыканскім пасадзе Ян Павал ІІ наведаў больш за 100 краінаў сьвету. Але зьдзейсьніць пілігрымку ў Беларусь папа так і ня здолеў, хаця яго неаднаразова запрашалі прадстаўнікі беларускага каталіцкага япіскапату і вернікі. Не было толькі запрашэньня ад уладаў. Тым часам Аляксандар Лукашэнка стаў выстаўляць свае ўмовы візыту папы. Так, напрыклад, ён заявіў, што пілігрымка Яна Паўла ІІ была б плённай, калі б у Беларусі ён сустрэўся з маскоўскім патрыярхам Алексіем ІІ.

Таму пакуль беларусы могуць сустрэцца з папам толькі за мяжою. Пра свае сустрэчы зь Янам Паўлам ІІ распавядае беларуская пісьменьніца, галоўны рэдактар часопісаў “Наша вера” і “Ave Maria” Крыстына Лялько:

(Лялько: ) “Пантыфікат Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэньне, бо зь ім зьвязанае адраджэньне Касьцёлу ў нашым краі. Мне пашчасьціла двойчы зь ім сустракацца. Мы толькі думалі пра каталіцкі друк у Беларусі. І я насьмелілася папрасіць у Сьвятога Айца дабраславенства на гэтую працу. Ён з радасьцю даў мне дабраславенства. Праз год, у 1995 годзе, я прыехала ў Рым, і мне зноў пашчасьціла сустрэцца са Сьвятым Айцом. Ён пагладзіў рукой вокладку нашай газэты “Ave Maria” і сказаў: “Як жа гэта добра, што вы маеце ўжо каталіцкі друк па-беларуску”. І менавіта гэтыя словы надалі нам сілаў і натхненьня для далейшай працы”.

Дарэчы, група каталіцкіх біскупаў зь Беларусі на чале з кардыналам Казімірам Сьвёнткам знаходзіцца гэтымі днямі ў Рыме. Яны бяруць удзел у галоўных урачыстасьцях з нагоды 25 гадавіны пантыфікату.

Акрамя менскага Чырвонага касьцёлу, сьвяточныя багаслужбы адбыліся і ў іншых каталіцкіх парафіях Беларусі. А за наступныя тры дні ў Чырвоным касьцёле адбудуцца харавыя выступы, выстава і прагляд відэафільмаў, прысьвечаныя жыцьцю й служэньню Яна Паўла ІІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG