Лінкі ўнівэрсальнага доступу

76% беларусаў жадае захаваньня незалежнасьці сваёй краіны


Валер Каліноўскі, Менск

Стасункі Беларусі і Расеі гэтай восеньню перажываюць востры крызыс: Беларусь тармозіць увядзеньне расейскага рубля на сваёй тэрыторыі, чаго настойліва дабіваецца Крэмль, Беларусь адмаўляецца ад прыватызацыйных праектаў з Расеі, вядзе маёмасныя спрэчкі з расейскім урадам. Расея ў адказ адмаўляе Беларусі ў ільготных коштах на газ з наступнага году.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў распаўсюдзіў вынікі свайго чарговага агульнанацыянальнага апытаньня. Як адбіліся апошнія падзеі на прывабнасьці інтэграцыі Беларусі з Расеі ў вачах грамадянаў Беларусі?

Наагул сацыёлягі НІСЭПД бачаць відавочны крызыс у інтэграцыйных настороях беларусаў. За паўгодзьдзе з часу папярэдняга апытаньня колькасць прыхільнікаў аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву зьменшылася амаль на траціну, цяпер гэтага жадаюць толькі 18% апытаных.

Колькасьць грамадзянаў, якія пры любых варыянтах адносінаў з Расеяй настойваюць на сувеэрэнітэце Беларусі узрасла на 9 пунктаў – да 76% – абсалютная большасць беларусаў жадае захаваньня незалежнасьці сваёй краіны.

Істотна, што пры гэтым зьніжаецца і прывабнасьць Расеі ў вачах беларусаў: з 44% да 36% упала колькасць рэспандэнтаў якія лічаць, што насельніцтву Расеі жывецца лепей. Магчыма, гэта вынік уздзеяння афіцыйнай беларускай прапаганды, якая апошім часам стала больш крытычнай да падзеяў у Расеі.

У якой ступені гэтыя зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці звязаныя з новай пазыцыяй А. Лукашэнкі ў ягоных дачыненьнях з Расеяй? Паколькі Лукашэнка мае сталы рэйтынг каля 30%, то гэтая частка насельніцтва сапраўды рэагуе на зьмены ў паводзінах свайго лідара.

Сацыёлягі адзначаюць істотнае зніжэньне цікавасьці да інтэграцыі з Расеяй менавіта з боку прыхільнікаў А. Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што ён заяўляў, што адмова ад інтэграцыі будзе абазначаць для яго палітычную сьмерць. Хаця электарат А. Лукашэнкі ўжо моцна заблытаны ягонымі супярэчлівымі заявамі адносна зьбліжэньня з Расеяй пры захаваньні суверэнітэту Беларусі.

Якія вынікі падаюць сацыёлягі адносна прывабнасьці для беларускага насельніцтва праекту ўвядзеньня расейскага рубля? Тут няма пэўнасьці, няма грамадзкага кансэнсусу. На пытаньне сацыёлягаў “Ці трэба ўводзіць у Беларусі расейскія рублі” станоўча адказала 44% рэспандэнтаў, адмоўна – 34% апытаных. Астатнія ўсё яшчэ ня вызначыліся.

Прыхільнікі расейскага рубля бачаць у гэтым паглыбленьне інтэграцыі, а таксама магчымасьць паляпшэньня эканамічнага становішча Беларусі, зьніжэньня інфляцыі. Большасьць праціўнікаў увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі занепакоеныя тым, што гэта прывядзе да страты незалежнасьці Беларусі, мяркуе, што краіне патрэбная свая валюта, і што можа пагоршыцца матэрыяльнае становішча насельніцтва. Некаторыя думаюць, што Расея ня дасьць ніякіх гарантыяў і ашукае беларусаў. Некаторыя лічаць, што расейскі рубель недастаткова моцная валюта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG