Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ ПАКІНУЎ ШЭРАГІ БНФ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На Сойме Партыі БНФ, які праходзіў у Менску 11 кастрычніка, павінна была разглядацца пэрсанальная справа намесьніка старшыні партыі Паўла Севярынца. Яго абвінавачвалі ў невыкананьні партыйнай дысцыпліны. Аднак Павал Севярынец чакаць соймавага паседжаньня ня стаў і напісаў заяву аб выхадзе з Партыі БНФ. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “У заяве ўказана, што пачатая кампанія ў справе майго выключэньня з Партыі БНФ да зьезду. Таму я вырашыў зрабіць такі палітычны крок і выйсьці з БНФ. Там ужо знаходзіцца болей немагчыма. Прынцыповыя разыходжаньні ідэалягічныя, арганізацыйныя, ёсьць і пэрсанальныя. Мяне як намесьніка старшыні Партыі БНФ проста адхілілі ад выкананьня сваіх абавязкаў. Працаваць проста не далі. Гэта ўжо напэўна было занадта”.

У сваёй заяве П.Севярынец таксама напісаў, што БНФ перастаў быць кіроўнай сілай нацыянальнага руху, абвінаваціў партыйнае кіраўніцтва ў пасіўным назіральніцтве за палітычнымі падзеямі. Павал Севярынец лічыць, што кіраўніцтва Партыі БНФ пазбаўляецца ад іншадумцаў, заключыла пагадненьне з камуністамі, а ў самой партыі пануе атмасфэра нецярпімасьці. Разам з тым спадар Севярынец заяўляе, што адкрыты да супрацоўніцтва з тымі сябрамі БНФ, хто гатовы змагацца за Беларусь.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка абвінавачаньні Паўла Севярынца адкідае як надуманыя. У яго свае прэтэнзіі да спадара Севярынца:

(Вячорка: ) “Пасылка людзей на заробкі ў Расею, дапамагаць Саюзу правых сілаў, які, як вядома, выступае за стварэньне саюзу Беларусі й Расеі, за ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля і, такім чынам, ёсьць нашым палітычным апанэнтам. Спробы спадара Севярынца стварыць нейкі альтэрнатыўны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты, у той час калі існуе адназначнае партыйнае рашэньне аб фармаваньні фронтаўскага сьпісу, які каардынуецца са сьпісам іншых партыяў “пяцёркі”. Усе такія дзеяньні пярэчаць і праграмным палажэньням партыі, і канкрэтным тактычным рашэньням. Спадару Севярынцу было прапанавана вызначыцца, ці ён рэпрэзэнтуе незалежную ад Партыі БНФ структуру Малады Фронт, ці ён усё ж такі дзейнічае ў рамках партыйнай дысцыпліны — як намесьнік старшыні Партыі БНФ. Я разумею, што спадар Севярынец зрабіў свой выбар”.

Сойм БНФ прыняў заяву Паўла Севярынца, даручыў яе разгледзець першаснай суполцы, а прэсавай службе партыі даць падрабязныя тлумачэньні гэтай справы.

Кіраўніцтва Партыі БНФ таксама вельмі занепакоенае спробамі некаторых сілаў распаліць у Беларусі міжэтнічную варожасьць. Маецца на ўвазе сцэнар вайсковых вучэньняў “Чыстае неба”, паводле якога пэўная кампактная этнічная меншыня пры падтрымцы сваёй вялікай айчыны спрабуе адарваць ад Беларусі кавалак тэрыторыі. А таксама факты зьнявагі габрэйскіх могілак і разбурэньня сынагогі, ціск Міністэрства юстыцыі на Саюз палякаў, перавод праграмаў Беларускага тэлебачаньня на расейскую мову, зьнішчэньне Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю.

Спробай распаліць міжэтнічную варажнечу Сойм БНФ лічыць і нядаўнюю дыскусію на старонках “Белорусской газеты” пра нібыта ўціск у Беларусі расейскай нацыянальнай меншыні. Кіраўцнітва БНФ заклікае праваахоўчыя органы даць адпаведную ацэнку спробам справакаваць у Беларусі міжэтнічную варажнечу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG