Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНІЦЫЯТАРЫ ПРАЕКТУ “НОВАЯ ГАЗЭТА КРЫЧАВА” НЯ МОГУЦЬ ЗАРЭГІСТРАВАЦЬ ВЫДАНЬНЕ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Судзьдзя Магілёўскага гаспарадчага суду Іван Матулькоў не прыняў рашэньня ў справе Андрэя Кузьміна. Ён спаслаўся на невыкананьне прадпрымальнікам дасудовага парадку і афіцыйна пакінуў позву без разгляду. Аднак перад гэтым судзьдзя падрабязна разгледзеў сытуацыю, якая склалася вакол праекту “Новай газэты Крычава”.

Адрэй Кузьмін – прыватны прадпрымальнік з правам выдавецкай дзейнасьці. Ён зьвярнуўся ў Крычаўскі райвыканкам для ўзгадненьня юрыдычнай адрэсы рэдакцыі газэты. Плянавалася размесьціць рэдакцыю ў прыватным доме, якім валодае Кузьмін і дзе, акрамя яго, больш ніхто не прапісаны.

Крычаўскія ўлады адмовілі прадпрымальніку двойчы. Спачатку яны запатрабавалі ў яго ліцэнзію на выдавецкую дзейнасьць, а потым, калі такая прычына была прызнаная неправамернай, спаслаліся на жыльлёвы кодэкс: чыноўнікі гавораць, што рэдакцыя, маўляў, ня можа быць размешчаная ў жылым доме. Андрэй Кузьмін абвінаваціў райвыканкам у валакіце і нежаданьні ўзгадніць юрыдычную адрэсу недзяржаўнага выданьня.

Судзьдзя Іван Матулькоў так і ня здолеў дамагчыся адказу ад прадстаўніка райвыканкаму на пытаньні: чаму раённыя ўлады ня могуць альбо ня хочуць знайсьці паразуменьня з прадпрымальнікам і каму ўрэшце перашкаджае выданьне інфармацыйна-рэклямнай газэты?

Калі судовае паседжаньне завершылася, на гэтыя пытаньні адказаў Андрэй Кузьмін.

(Кузьмін: ) “Па-першае, гэта агульнадзяржаўная палітыка ідэалягічная. А па-другое, зьяўленьне новай газэты – гэта ў любым выпадку канкурэнцыя для дзяржаўнай газэты, што непажаданае для мясцовых уладаў”.

Уражаньне марнасьці намаганьняў засталося ад судовага разбору ў Андрэя Кузьміна і кіраўніка грамадзкай арганізацыі “Кантакт-цэнтар” Лявона Сьвеціка, які падтрымаў праект недзяржаўнага выданьня.

(Кузьмін: ) “Калі суд ня здолеў нічога зрабіць, то наўрад ці нехта іншы зможа дапамагчы нам зарэгістраваць газэту”.

(Сьвецік: ) “І гэта вельмі дрэнна, бо тыя дзяржаўныя выданьні, якія цяпер існуюць у нашым рэгіёне, яны заангажаваныя ўладай, яны працуюць на ўладу, толькі на яе”.

Крычаўцы ўпэўненыя, што найбліжэйшым часам зарэгістраваць недзяржаўную газэту ў іх раёне будзе немагчыма. Аднак 2 кастрычніка ў Магілёўскім гаспадарчым судзе будзе слухацца яшчэ адна, падобная на сёньняшнюю, справа: у суд з позвай да Крычаўскага райвыканкаму зьвяртаецца Ўладзімер Кудраўцаў, які імкнецца зарэгістраваць газэту “Уласны камэнтар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG