Новую назіральную раду, якая звольніла шматгадовага дырэктара “Крыніцы” Ўладзімера Бадрова, узначальвае прадстаўнік “Пріорбанку” Юры Сьлепіч. Нагадаю, што менавіта “Пріорбанку” быў перададзены дзяржаўны кантрольны пакет — больш за 80% акцыяў “Крыніцы”.
Гэты завод выпускае прыблізна траціну ўсяго беларускага піва ды ёсьць найбуйнейшым броварам краіны. Сёлета “Крыніца” мадэрнізуе галоўны корпус за кошт крэдытаў “Пріорбанку”.
Нагадаю, што раней расейская кампанія “Балтыка” інвэставала ў “Крыніцу” 10,5 мільёнаў даляраў, спадзеючыся атрымаць кантрольны пакет. Аднак Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад “Балтыкі” пабудаваць у Менску яшчэ адзін лядовы палац і ажыцьцявіць некалькі іншых укладаньняў у сацыяльную сфэру.
Цікава, што летась у лютым спадар Лукашэнка загадаў перадаць кіраўніку “Балтыкі” Таймуразу Балоеву наступнае (цытую): “Калі яшчэ раз па НТВ ці іншых махлярскіх СМІ ўбачу замоўныя матэрыялы, дык “Балтыкі” тут ня будзе, як і любых іншых расейскіх фірмаў. Калі расейскія бізнэсоўцы хочуць удзельнічаць у лібэралізацыі й прыватызацыі прадпрыемстваў, дык няхай робяць гэта па-беларуску. Шантаж у Беларусі ня пройдзе”.
Тым ня менш праз два месяцы спадар Балоеў прыехаў у Менск і пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў: “Поўны пазытыў у поглядах. Практычна няма разыходжаньняў наконт ажыцьцяўленьня праекту і найхутчэйшай яго рэалізацыі”. Тады ж дырэктар “Крыніцы” Ўладзімер Бадроў неасьцярожна заявіў, што ані ён, ані калектыў прадпрыемства не пашкадавалі, што пайшлі на рэалізацыю праекту з “Балтыкай”. Аднак Аляксандар Лукашэнка расейцам адмовіў.
У кампаніі “Балтыка” мяркуюць, што звальненьне Ўладзімера Бадрова з пасады дырэктара “Крыніцы” стала помстай за ягоную ідэю ўдзелу расейскай кампаніі ў мадэрнізацыі менскага бровару.
Кіраўнік прэсавай службы “Балтыкі” Аляксей Кедрын сказаў:
(Кедрын: ) “Што да нашых узаемадачыненьняў з “Крыніцай”, дык становішча цяпер такое, што нам сапраўды завінаваціліся грошы. Статус гэтых сродкаў зразумелы. На жаль, ёсьць праблемы з выплатай доўгу. Няма чаго абскарджваць — беларускія суды прызналі, што “Крыніца” вінаватая нам грошы”.
Спадар Кедрын заклікаў ня блытаць судовае прызнаньне доўгу з адмовай прызнаць “Крыніцу” банкрутам. Аднак кампанія “Балтыка” мяркуе, што Ўладзімера Бадрова зараз могуць зрабіць “ахвярным казлом” і абвінаваціць ува ўсіх даўгах, якія не прызнае новае кіраўніцтва “Крыніцы”.
Пакуль абавязкі дырэктара “Крыніцы” выконвае Аляксандар Якіменка, былы намесьнік спадара Бадрова. А прадстаўнікі “Пріорбанку” ад камэнтароў ухіляюцца. Віцэ-прэзыдэнт банку Юры Сьлепіч звальненьне генэральнага дырэктара “Крыніцы” тлумачыць ня хоча, а выканаўчы дырэктар банку Віктар Дудко на просьбы даць камэнтар адказвае гэтак:
(Дудко: ) “Я — не. Гэта Сьлепіч можа сказаць. Ён півам займаецца. Я, на жаль, піва люблю, але не займаюся півам”.
Застаецца дадаць, што “Пріорбанкам” у сваю чаргу валодае аўстрыйскі “Райфайзэнбанк”, для якога такія таямнічыя кадравыя рашэньні нехарактэрныя.