Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА БЕЛАРУСЫ ДА РАШЭНЬНЯ ЎРАДУ ШТОМЕСЯЦ ПАВЯЛІЧВАЦЬ ЦАНУ НА АЛЬКАГОЛІНЫЯ НАПОІ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія мае суразмоўцы яшчэ ня ведалі пра рашэньне Савету Міністраў штомесяц падвышаць акцызы на алькаголь. Але большасьць апытаных людзей ня лічыць, што гэтае ўрадавае рашэньне стымулюе ў беларусаў жаданьне ўжываць больш якасныя напоі:

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што можна стымуляваць, калі так падвысіць цэны. Не ва ўсіх будзе дастаткова грошай усё гэта купляць”.

(Карэспандэнт: ) “А ўвогуле як вы ставіцеся да гэтага рашэньня ўраду?”

(Дзяўчына: ) “Няхай падвышаюць, будуць менш піць”.

(Спадар: ) “Гэта выкліча супраціў. Труціліся людзі. Цяпер менш п’юць гэтай атруты. А цяпер будуць самі рабіць, труціцца й гінуць”.

(Іншы спадар: ) “Лепш на пладовыя віны зьнізіць цэны. На каньяк ці гарэлку можа і правільна, што падвышаюць, а вось віна выпіць чалавеку 100–200 грамаў — гэта часам не пашкодзіць. Трэба зьніжаць цэны”.

(Хлопец: ) “Нічога не атрымаецца. Калі ў чалавека такі жыцьцёвы ўзровень, ён заўсёды знойдзе грошы ды купіць тое віно, якое яму падабаецца. Калі ў яго няма нутранога стрыжня, ён будзе піць абы-што. І яму ня будзе сорамна”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, гэта ніяк не паўплывае на тое, што людзі будуць піць. Каму ня будзе хапаць на якасны прадукт, тыя будуць спажываць няякасныя напоі. У нашым грамадзтве вялікі падзел паміж невялікай колькасьцю людзей, што спажываюць якасныя прадукты, апранаюцца добра, і тымі, хто ня ў стане на сваю зарплату купляць якасныя прадукты”.

(Спадар: ) “Ня будзе спрыяць спажываньню якасных напояў. Я да гэтага стаўлюся недадатна”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, гэта не паўплывае, і людзі ўсё роўна будуць купляць тыя ж напоі. Але гэта прынясе ўраду больш грошай”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, правільна робяць, таму што вельмі шмат у нас п’юць, і п’юць гэтыя танныя віны. Шмат хто труціцца. Лепей няхай купляюць натуральнае віно”.

(Хлопец: ) “Відаць, ёсьць сэнс падвышаць цэны на моцныя алькагольныя напоі — на гарэлку ці пладовыя віны. Гэтым якраз можна стымуляваць. Але няма сэнсу падвышаць цэны на піва ці вінаградныя віны”.

Гэткія меркаваньні людзей пра ўрадавае рашэньне падвысіць цэны на алькагольныя напоі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG