Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД НЕ ЗНАЙШОЎ ПАДСТАВАЎ ДЛЯ СКАСАВАНЬНЯ РАШЭНЬНЯ ПРА ЛІКВІДАЦЫЮ “ГРАМАДЗЯНСКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Калегія ў грамадзянскіх справах Вярхоўнага суду пад старшынствам Ганны Сакалоўскай разгледзела скаргу “Грамадзянскіх ініцыятываў” цягам 10 хвілінаў.

Юрыст “Ініцыятываў” Леанід Судаленка прасіў калегію адмяніць як неабгрунтаванае рашэньне Гомельскага абласнога суду пра ліквідацыю аб’яднаньня і абавязаць новы склад згаданага суду ўсё-такі агледзець апячатаныя кампутары, атрыманыя ад замежных фундатараў, і пераканацца, што яны не маглі быць скарыстаныя для выпуску інфармацыйных бюлетэняў і агітацыйных матэрыялаў падчас выбарчай кампаніі. Менавіта гэтае парушэньне паводле дэкрэту №8 і сталася асноўнаю прычынаю ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў” на падставе пазову ўправы юстыцыі.

Судзьдзя Ганна Сакалоўская спытала толькі, ці нельга было выдаваць інфармацыйныя бюлетэні накладам не 299, а, скажам, паўсотні асобнікаў. Намеснік старшыні аб’яднаньня Ўладзімер Кацора патлумачыў, што “Ініцыятывы” апошнія гады заўсёды мелі ў сваіх шэрагах больш за чатыры сотні сяброў. Таму бюлетэняў і так не хапала. Але аб’яднаньне не магло павялічваць наклад, бо ў такім выпадку ўжо патрэбная была б дзяржаўная рэгістрацыя выданьня.

На гэтым калегія і спыніла разгляд справы. Была, праўда, яшчэ рэпліка прадстаўніка генэральнай пракуратуры Анатоля Лыціна пра тое, што выкарыстаньне “Ініцыятывамі” замежнай бязвыплатнай дапамогі ў нестатутных мэтах у судзе не даказана.

Тым ня менш, пасля 20-хвіліннага перапынку судзьдзя Сакалоўская абвясьціла, што скарга “Ініцыятываў” пакінутая без задавальненьня. Падставаў для адмены выраку пра ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня калегія Вярхоўнага суду ня згледзела.

Старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карнеенка лічыць, што ліквідаваньне праз суды актыўных грамадзкіх арганізацыяў мае ў дзяржаве сыстэмны характар.

(Карнеенка: ) “Як і ў сфэры эканомікі, палітычнага жыцьця, так і ў грамадзкай сфэры ўлада ўсё спрабуе паставіць пад свой кантроль. Гэта дастаткова прымітыўныя ўяўленьні пра пабудову грамадзтва, якія ёсьць у цяперашніх кіраўнікоў краіны. Грамадзкую дзейнасьць у краіне спыніць нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG