Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАД ПАГРОЗАЮ ЗАКРЫЦЬЦЯ АПЫНУЎСЯ ВІЦЕБСКІ МОЛАДЗЕВЫ ЦЭНТАР "КОНТУР"


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Віцебскім абласным судзе распачаўся разгляд справы пра ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур”. Галоўная прэтэнзія да арганізацыі з боку ўладаў – гэта неадпаведнасьць юрыдычнае адрэсы фактычнаму месцу сустрэчы сябраў “Контуру”. Аднак, паводле словаў цяперашняга кіраўніка моладзевага цэнтру Сержука Серабра, гэта ёсьць усяго толькі фармальнай прычынаю, паводле якой узбуджаная судовая справа. Сапраўднай прычынай ён лічыць аднаўленьне выхаду незалежнай газэты “Віцебская трыбуна”, якую цэнтар заснаваў спачатку дзеля распаўсюду ў Віцебску, а потым – і ў рэгіёнах. Выйшла ўсяго каля дзясятка нумароў аршанскага рэгіянальнага дадатку, і лёс “Віцебскай трыбуны” стаў вельмі падобным да лёсу недзяржаўнай газэты “Куцейна”, якая таксама мела праблемы зь юрыдычнай адрэсай і ўрэшце, таксама паводле ініцыятывы ўладаў, спыніла сваё існаваньне.

Прысутны на сёньняшнім судзе прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў падзяляе гэтае меркаваньне і разглядае чарговы судовы пазоў уладаў як працяг кампаніі зьнішчэньня найбольш актыўных арганізацыяў трэцяга сэктару.

Нагадаем, што грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур” было зарэгістраванае ў 2000 годзе, а найбольшую вядомасьць на Віцебшчыне займела ў часе мабілізацыйнае кампаніі да мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. У тым самым 2001 годзе зьнік тагачасны кіраўнік цэнтру Юрась Корбан, месца знаходжаньня якога дагэтуль невядомае.

Дарэчы, з тае пары моладзевы цэнтар ня можа абскардзіць рашэньне падатковых службаў пра падатак у 8 мілёнаў беларускіх рублёў, налічаны па атрыманьні замежнае грашовае дапамогі, бо шмат якія дакумэнты, у тым ліку й фінансавыя, былі забраныя з архіву “Контуру” й далучаныя да справы пра зьнікненьне былога кіраўніка. Сёньня нясплочаная пазыка ў 8 мільёнаў рублёў стала яшчэ адным доказам на карысьць ліквідацыі “Контуру”, які згадала прадстаўніца абласное ўправы юстыцыі Сьвятлана Мазурава.

Пасьля дзьвюх гадзінаў слуханьня справы судзьдзя Тацяна Матушайкес абвясьціла перапынак. Працяг судовага паседжаньня адбудзецца заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG