Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗАЧЫНЯЮЦЦА ШКОЛЫ І СКАРАЧАЕЦЦА НАВУЧАНЬНЕ ПА-БЕЛАРУСКУ


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Ажно тры пачатковыя школы – Аголіцкая, Забалоцкая і Туроцкая – зачыняюцца гэтым летам ў Петрыкаўскім раёне. Па дзьве пачатковыя школы скарачаюцца ў Лельчыцкім і Жыткавіцкім раёнах. У Жыткавічах і Тураве да таго ж плянуецца зачыніць школьныя навучальна-вытворчыя камбінаты. Перастануць існаваць у рэгіёне і 4 дзіцячыя садкі.

Намесьніца начальніка абласной адукацыйнай управы Лілія Кацегава распавяла, што закрыцьцё навучальных установаў прадыктаванае перш за ўсё зьмяншэньнем колькасьці дзяцей школьнага ўзросту і фінансавымі абмежаваньнямі.

Скарачэньне школьнай сеткі адбываецца перш за ўсё ў сельскай мясцовасьці. Разам з гэтым скарачаецца і колькасьць дзяцей, што навучаюцца па-беларуску. Прыклад таму – Драгунская базавая школа ў Рагачоўскім раёне, дзе вясковая дзятва навучалася на роднай мове. Зь першага верасьня Драгунская школа таксама перастане існаваць. Усіх вучняў пераводзяць у Журавічы. Нягледзячы на тое, што тут радзіма слыннага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка, навучаньне ў Журавічах вядзецца па-расейску.

Многія бацькі хацелі, каб іх дзеці ішлі вучыцца ня ў Журавічы, а ў Балотню, куды і бліжэй, і дзе заняткі вядуцца на роднай мове. Распавядае маці дзвюх дачок Людміла Гапонава:

(Гапонава: ) “Мы хацелі ў Балотню, у Балатнянскую школу самі хацелі. У нас у Драгунскай школе ўсе прадметы на беларускай мове, у Балатнянскай – таксама. У каго матэматыка раней была на беларускай мове, у новай школе будзе па-руску. Будзе блытаніна. Ня ведаю чаму, але вырашылі і прыехалі, сказалі: дзяцей пераводзім толькі ў Журавічы”.

Сяміклясьніца з Драгунску Насьця Малюкова вельмі шкадуе, што ў яе ня будзе магчымасьці працягваць навучаньне на роднай мове.

(Насьця: ) “Шкада, што ня будзе беларускай мовы. Люблю вучыцца на беларускай мове”.

Як высьветлілася, раённае начальства не схацела пераводзіць дзяцей ў Балатнянскую школу, бо там іншы калгас. Ня можа там прыняць малалетак падрыхтоўчае аддзяленьне. Але галоўнае – у Балотні замежная мова – ангельская, а ў Драгунску дзеці вывучалі, як і ў Журавічах, нямецкую. На замежную мову – зважаюць, на родную – не.

Мама Насьці, Сьвятлана Малюкова, лічыць, што з закрыцьцём школы страчвае пэрспэктыву і сама вёска.

(Малюкова: ) “Вёска без школы – што? Нулік! Прападзе, канечне. Глухамань будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG