Кіраўніцтва “Балтыкі” ўпэўненае, што ніякай гаворкі пра сумесныя праекты зь беларускімі броварамі блізкім часам быць ня можа. Нават выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу НТВ — маўляў, “няхай прыяжджаюць, дзе пакажуць пальцам, там і будуць будаваць завод”, у адміністрацыі “Балтыкі” не ўспрымаюць як сыгнал да дзеяньняў.
А заявы Лукашэнкі наконт таго, што яму не падабаюцца піцерскія рэцэпты піва, якія быццам зусім і не піцерскія, а замежныя, расцэньваюць як прыватны густ. Дарадца кіраўніка “Балтыкі” Аляксей Кедрын гэтаксама пакінуў без камэнтароў словы Лукашэнкі пра тое, што менавіта кіраўніцтва расейскага бровару ў аднабаковым парадку адмовілася выканаць двухбаковыя пагадненьні, а таму чаканага СП з “Крыніцай” не атрымалася.
(Кедрын: ) “Не хацелася б камэнтаваць выказваньні першай асобы дзяржавы... Адзінае, што магу сказаць ў пытаньнях рэцэптураў — калі абстрагавацца ад сытуацыі вакол Беларусі, рэцэпты ў нас свае: “Балтыка” выкарыстоўвае толькі арыгінальную расейскую рэцэптуру, а не набытую дзесьці за мяжой. Так, колісь замежнікі ўклалі ў “Балтыку” 20 мільёнаў даляраў — якраз у той час, калі Пуцін быў намесьнікам Сабчака, і пад іхныя гарантыі, як кіраўнікоў гораду, гэтыя інвэстыцыі сталіся магчымымі. Цяпер кампанія каштуе паўтара мільярду — гэта тое, што мэнэджмэнт кампаніі зарабіў і інвэставаў цягам дзесяцігодзьдзя. Больш ніякіх інвэстыцыяў не было”.
Пасьля няўдалай спробы замацавацца на беларускім рынку “Балтыка” беспраблемна пабудавала два заводы ў Расеі. Аляксей Кедрын кажа, што страчаныя ў Беларусі 10,5 мільёну даляраў вельмі спатрэбіліся б дзеля новых капіталаўкладаньняў, таму ў Санкт-Пецярбургу ня страчваюць надзеі на вяртаньне шматмільённых крэдытаў.
(Кедрын: ) “Грошы нам не вярнулі, але беларускім бокам, беларускім судом рашэньне легалізаванае — доўг прызнаны, Беларусь нам вінна 10,5 мільёну даляраў. Дакладней, нам павінна “Крыніца”. Дзе яна будзе браць гэтыя грошы — пытаньне іншае, гэта ўжо не нашыя праблемы. А што тычна абсталяваньня, то яно ў Менску; уласна кажучы, гэта і ёсьць сродкі, патрачаныя на абсталяваньне. Але ў дадзеным выпадку мы вядзём гаворку пра грошы, укладзеныя ў праект, не пра абсталяваньне. Калі грошы вяртаюцца, прэтэнзіі ўсе зьнікаюць”.
Адміністрацыя “Крыніцы”, у сваю чаргу, адмаўляецца гаварыць пра лёс нявернутага крэдыту, накіроўваючы звароты ва ўрад —маўляў, усе пагадненьні з “Балтыкай” падпісваліся безь непасрэднага ўдзелу кіраўніцтва бровару. Разам з тым, адзін з прадстаўнікоў “Крыніцы” пацьвердзіў, што насамрэч мадэрнізаваная вытворчая лінія, якая мусіць удвая павялічыць выпуск піва, амаль 100-адсоткава набытая на грошы “Балтыкі”. Але цягам усяго часу кіраўніцтва “Крыніцы” не ўздымае пытаньня вяртаньня расейскага крэдыту.
Дый Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на НТВ, наўпрост з гэтай нагоды выказаўся: “Самі рэканструявалі, мадэрнізавалі... Бяз “Балтыкі” абышліся”. Таму прадстаўнік “Балтыкі” Аляксей Кедрын, камэнтуючы навіну пра хуткае адкрыцьцё абноўленай “Крыніцы”, абмежаваўся толькі адной фразай — “Танна ім гэтая мадыфікацыя каштавала”.