Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД ЛІКВІДАВАЎ МОЛАДЗЕВЫ ХРЫСЬЦІЯНСКА-САЦЫЯЛЬНЫ САЮЗ

Валер Каліноўскі, Менск

Суд наконт ліквідацыі Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу пачаўся 2 чэрвеня ў шэрагу працэсаў па закрыцьці іншых буйных няўрадавых арганізацыяў: “Ратушы” з Горадні, “Грамадзянскіх ініцыятываў” з Гомелю, “Варуты” з Баранавічаў. Першым зачынілі Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз. Судзьдзя Вярхоўнага суду А.Забара не ўспрыняў аргумэнтаў прадстаўнікоў арганізацыі і цалкам задаволіў патрабаваньні Мінюсту.

Акрамя іншых фармальных парушэньняў, якія прывялі да ліквідацыі, судом была прызнаная незаконнасьць таго, што сядзіба арганізацыі знаходзілася ў жылым памяшканьні, і што яе пячатка не адпавядала інструкцыям — нягледзячы на тое, што дазвол на тое і другое давалі адпаведна Мінюст і МУС Беларусі. Намесьнік старшыні арганізацыі Андрэй Казакевіч называе гэтае рашэньне палітычным, яно ня мае належнай юрыдычнай базы, кажа ён. Калі прызнаць такое рашэньне законным, то трэба зачыніць многія іншыя арганізацыі й нават фірмы, якія разьмешчаныя ў жылым сэктары. Улады ж выбралі Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз. Чаму?

Меркаваньне Андрэя Казакевіча:

(Казакевіч: ) “На нашую думку, гэта зьвязана з тым, што арганізацыя прыняла дастакова актыўны ўдзел у апошняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, і таксама правяла некалькі кандыдатаў у гарадзкія саветы. І таксама тым, што зь лістапада мінулага году арганізацыя пачала актыўна супрацоўнічаць з АГП. Пасьля гэтага і пачаліся праблемы”.

Спадар Казакевіч зьбіраецца абскардзіць рашэньне судзьдзі Забары на імя старшыні Вярхоўнага суду ў парадку нагляду. Акрамя таго, не выключаецца, што арганізацыя паспрабуе зарэгістравацца зноў, альбо што будзе стварацца новая арганізацыя. Андрэй Казакевіч паведаміў, што ў арганізацыі каля 700 сяброў, і многія зьяўляюцца актывістамі АГП. Лідэр апошняй Анатоль Лябедзька згодны з тым, што мэты ўладаў, якія зачынілі гэтую арганізацыю, перш за ўсё палітычныя.

(Лябедзька: ) “Сёньня фактычна пачатая кампанія, мэтанакіраваная і санкцыянаваная на самым высокім узроўні ў Беларусі па зачыстцы трэцяга сэктару ад дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў. Гэта толькі пачатак, і натуральна, што тут ніякіх юрыдычных падставаў няма. Увесь “крымінал” Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу — тое, што пераважная большасьць яго сяброў у той жа час зьяўляюцца і сябрамі АГП”.

Анатоль Лябедзька заяўляе, што АГП будзе дапамагаць Моладзеваму сацыяльна-хрысьціянскаму саюзу перажыць крызыс, ён упэўнены, што юрыдычна яго зачыніць можна, але фактычна не.
XS
SM
MD
LG