Павал Крушкін шляхам галадоўкі дамагаецца завядзеньня крымінальнае справы на чалавека, які, паводле слоў селяніна, ашукаў яго на буйную суму грошай. Падчас акцыі пратэсту Крушкін атрымаў адказы на свае скаргі з Магілёўскай абласной пракуратуры, дзе сьцьвярджаецца, што падставаў для крымінальнага перасьледу яго крыўдзіцеля няма. Пратэстовец наступным чынам камэнтуе сытуацыю.
(Крушкін: ) “Праваахоўныя органы пацьвердзілі сваю прафэсійную непрыдатнасьць у гэтай справе. Гэта ўжо яўна і зразумела”.
Павал Крушкін цяпер чакае адказаў з Генэральнай пракуратуры і кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, куды ён накіраваў звароты зь месца галадоўкі.
Разам з мужам тры дні галадавала Любоў Крушкіна, аднак яна вымушаная была прыпыныіць галадоўку з прычыны кепскага стану здароўя, і зараз жанчына знаходзіцца дома. Дачкі Крушкіна, якім 16 і 20 гадоў, правялі сымбалічную 10-гадзінную галадоўку, каб падтрымаць бацьку.
(Крушкін: ) “Я лічу, што ганьба гэта ўладзе за тое, што яны давялі жанчынаў і дзяцей да стану галадоўкі”.
Сам Павал гаворыць, што пакуль адчувае сябе нармалёва фізычна і дастаткова ўпэўнена маральна, каб працягваць галадоўку.
(Крушкін: ) “Галадоўку мяркую праводзіць да 9 чэрвеня — да дня, калі будзе разгляд нашае касацыйнае скаргі ў судзе Магілёўскай вобласьці”.
У гэты дзень суд разгледзіць скаргу Крушкіна, якая датычыцца грамадзянскага пазову да ягонага апанэнта. Селянін праз суд спрабуе спагнаць зь яго грошы.
У час галадоўкі Павал Крушкін размаўляе зь людзьмі, якія цікавяцца ягонай справаю і многія ставяць подпісы ў ягоную падтрымку ў спэцыяльны сшытак. Сёньня ў ім было 86 подпісаў.
(Крушкін: ) “Я лічу, што гэта будзе мацнейшая апэляцыя да нашай улады, каб яны ведалі, што салідарнасьць, якая б ні была, аднак яна існуе. Улада мусіць з гэтым лічыцца”.