Партыя віцебскіх дываноў з троху нечаканай выяваю расейскага прэзыдэнта Пуціна (на дыване ён у кімано самбіста) адпраўленая заказчыку ў Волагду. Паводле інфармацыі адтуль, усе дываны ўжо рэалізаваныя, і мясцовыя чыноўнікі просяць паўтарыць замову. Аднак у Віцебску ісьці на загадзя выгадны кантракт не сьпяшаюцца — дырэктар прадпрыемства Аляксандар Федарчук проста напужаны празьмерным ажыятажам вакол дывановага Пуціна.
(Федарчук: ) “Такія рэчы трэба ўзгадняць з адміністрацыйнымі органамі. Была замова ад звычайнага пакупніка. Гэта ніякая не афіцыйная замова з атачэньня расейскага прэзыдэнта, як шмат хто ўжо абвесьціў. Калі б сапраўды прыехаў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, калі б мы, нікому ня кажучы, усё зрабілі, было б незразумела — чаму гэтым займаецца беларускае прадпрыемства. Але была шараговая замова, пра выкананьне якой я ўжо вельмі шкадую, бо не хацелася, каб наогул пра гэта недзе ўзгадвалася. Проста прыехаў пакупнік, а я зрабіў памылку, што ні з кім не ўзгадніў. Пайшла такая хваля, што я два дні панікую, ня ведаю, куды бегчы. Але, разам з тым, у нас ёсьць такі від паслугі”.
(Карэспандэнт: ) “Шараговы грамадзянін можа замовіць у вас партрэт не прэзыдэнта, а свой уласны?”
(Федарчук: ) “Вы можаце замовіць у нас як прыватная асоба які заўгодна партрэт. Патрэбны ваш каляровы здымак, вельмі якасны, мы скануем яго на кампутар, апрацуем і пакажам эскіз. Калі задаволіць — у працу. Будзе як мінімум два экзэмпляры, бо ў нас двухпалосавыя дываны, адразу ткуцца два. Кошт, адразу скажу, будзе не шараговы. Нам гэта, натуральна, выгадна, бо пазыцыя камбінату такая: не выпускаць прадукцыю, нерэнтабэльную для прадпрыемства. Ня ўсё атрымліваецца, але стараемся”.
Колькі каштуе задавальненьне патрапіць з уласным тварам на дыван — дырэктар Віцебскага камбінату распаўсюджвацца ня стаў. Затое ў Берасьці распавялі, што квадратны мэтар дывану па спэцзамове будзе каштаваць 125 даляраў. З улікам, што меней за 1,5х2 мэтры замовы не прымаюцца, выходзіць, што адзін экзэмпляр каштуе 375 даляраў.
Кіраўніца мастацкай майстэрні Тацяна Пятрова распавяла, што, нягледзячы на дастаткова высокія кошты, замаўляюць самыя розныя сюжэты — ад іконаў да выяваў хатніх жывёлаў. Самы значны партрэт, які даводзілася наносіць на дыван — кіраўніка краіны. Ці прыйшоўся ён даспадобы самому Лукашэнку, спадарыня Пятрова ня ведае, бо ніякай рэакцыі на працу не было. А ці рэальна ў Беларусі, як у суседняй Расеі, рабіць бізнэс на дывановым Лукашэнку?
(Пятрова: ) “Была ўрадавая замова, але рабілі дываны не на продаж. Масава, на “паток” такія рэчы ня ставяцца, хоць у вытворчасьць гэта запусьціць не складана. Нам прывезьлі здымкі Лукашэнкі; мастаку галоўнае – намаляваць эскіз, а што да колькасьці, то яна ня мае значэньня, бо ў кошт закладзеныя ўсе выдаткі. На ўласнае жаданьне такія рэчы ніхто ня робіць. Ня ўсе ж здымкі прэзыдэнта трапляюць у продаж, таму, калі паставіць на паток дыван — могуць узьнікнуць вялікія праблемы для вытворцы”.
У пацьверджаньне гэтага спадарыня Пятрова распавяла, што пасьля таго, як засталіся незапатрабаваныя дываны з выявай Патрыярха ўсея Русі Алексія ІІ, і іх выставілі ў продаж, на камбінат прыйшлі сьвятары і вельмі абураліся: маўляў, царква не давала дазволу на такі гандаль. Тады канфлікт вырашылі па-хрысьціянску, мірам. Але з уладай, лічаць супрацоўнікі абодвух дывановых камбінатаў, калі й жартаваць, то вельмі асьцярожна.