Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ПАСТУПОВА ПЕРАТВАРАЕЦЦА Ў ВАЧАХ ШЫРОКАЙ РАСЕЙСКАЙ ПУБЛІКІ Ў КАМІЧНУЮ ФІГУРУ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: з Масквы — дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй П’янткоўскі, зь Менску — выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту палітоляг Андрэй Сяліцкі

(Цыганкоў: ) “16 траўня ў штогадовым пасланьні прэзыдэнта Расеі беларуска-расейская інтэграцыя, бадай, упершыню за апошнія гады не была згаданая ні ў якім кантэксьце. Само слова “Беларусь” проста аніводнага разу не прагучала падчас 40-хвіліннай прамовы Ўладзімера Пуціна. Таксама за апошнія месяцы не адбылося аніводнай сустрэчы паміж прэзыдэнтамі Беларусі й Расеі. Спачатку плянавалі на красавік, аднак спатканьня не адбылося, як не адбылося індівідуальнай сустрэчы і пазьней у Душанбэ. Ці можна сказаць, што зараз Крэмль прыняў тактыку калі не байкоту, дык пэўнага ігнараваньня Аляксандра Лукашэнкі?”

(Сіліцкі: ) “Масква вельмі добра разумее, у якім зараз палітычным становішчы знаходзіцца Лукашэнка і разумее, што прымаць нейкія дзеяньні ў прасоўваньні беларуска-расейскай інтэграцыі — гэта значыць нейкім чынам дапамагаць беларускаму прэзыдэнту. У гэтым годзе інтэграцыя вельмі цесна зьвязаная з пэрспэктывай палітычнага выжываньня Лукашэнкі, працягу яго палітычнага выжываньня. Гэта прадугледжвае рэфэрэндум па трэцім тэрміне, які Лукашэнка хацеў бы прывязаць да рэфэрэндуму па расейска-беларускім саюзе ці канстытуцыйным акце.

Калі Лукашэнка выступаў са сваім пасланьнем у красавіку, ён вельмі паскардзіўся на расейскае кіраўніцтва з-за таго, што канстытуцыйны акт быццам бы гатовы, а яны там у Крамлі ня хочуць яго выносіць на рэфэрэндум. Тое, што пасьля гэтага адбываецца гульня ў маўчанку, толькі пацьвярджае, што так яно і ёсьць”.

(Цыганкоў: ) “Чаму Пуцін цяпер не выкарыстоўвае інтэграцыйную тэму? Няўжо ён такі моцны, такі ўпэўнены ў сабе, мае нагэтулькі высокі рэйтынг, што яму не патрэбная больш “вечная інтэграцыйная песьня”? Ці гэтая тэма яшчэ ўсплыве?”

(П’янткоўскі: ) “Увогуле вы маеце рацыю, падзея гэта эпахальная, пры гэтым ня столькі для беларуска-расейскіх дачыненьняў, колькі для ўласна расейскага палітычнага жыцьця. У такім дакумэнце як пасланьне, увогуле не ўзгадваецца Беларусь і заежджаная тэма аб’яднаньня. Гадоў 10 гэтая тэма была сьвятарнай каровай для расейскай палітычнай клясы. Аднак тое, што зрабіў у пятніцу Пуцін, праігнараваўшы гэтую тэму, для яго даволі лягічна.

У Пуціна стасункі з Лукашэнкам ня склаліся ад самога пачатку — і ня толькі з-за пэўнай нахрапістай стылістыкі беларускага прэзыдэнта, а з-за таго, што Пуцін належыў да той часткі прагматыкаў, якія бачылі, што ніякага аб’яднаньня ня будзе, што ўсё гэта выдатная і цынічная гульня Лукашэнкі на комплексах расейскай палітычнай эліты, на іхнай настальгіі па імпэрыі.

Яны зразумелі, што Лукашэнка стварыў цудоўны эканамічна-палітычны бартэр — ён прыяжджае ў Маскву, разьбівае чарговы кілішак, падпісвае чарговую паперку зь лёсавызначальнымі словамі, і ад’яжджае зь вялізнымі эканамічнымі прэфэрэнцыямі.

Пуціну ўсё гэта надакучыла, ён пачаў гэта зачыняць. Папярэднім пікам былі мухі й катлеты, а таксама прапанова ўступіць сям’ю суб’ектамі. Потым, аднак, пэўны ціск расейскай палітычнай клясы прымусіў Пуціна вярнуцца, але зараз... Вы слушна паставілі пытаньне — чаму ён дазволіў сабе ігнараваць гэтую тэму? Таму што ўжо ўся палітычная кляса ўцяміла тое, што Пуціна было ясна тры гады таму, а зараз ясна ўсім. Ніякай аб’яднаўчай кашы з Лукашэнкам ня зварыш, ён толькі хоча выцягваць з Расеі эканамічныя пернікі плюс знайсьці нейкае эцюднае рашэньне свайго далейшага працягненьня ўлады. Але расейская палітычная кляса, напэўна, у гэтым больш удзельнічаць ня хоча”.

(Цыганкоў: ) “Інтэграцыя зь Беларусьсю была аднак, палітычнай аддушынаю для бальшыні простых расейцаў, якія не ўспрымалі ані розумам, ані сэрцам і распад СССР, і ўласна рынкавыя рэформы. Пуцін больш не баіцца гэтых настрояў ці яны проста зьменшыліся?”

(П’янткоўскі: ) “Так, па-першае, яны зьменшыліся, і па-другое, Лукашэнка паступова пераўтвараецца ў вачах шырокай публікі хутчэй у камічную фігуру. Такой сакральнай тэмы ў расейскім палітычным жыцьці ўжо не існуе, і Пуцін можа спакойна дзейнічаць паводле сваіх палітычных інстынктаў, не аглядваючыся ані на палітычную клясу, ані на электарат”.

(Цыганкоў: ) “Спадар П’янткоўскі нагадаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка нейкім “этудным” чынам хоча вырашыць праблему свайго трэцяга тэрміну. Чаму дасюль Лукашэнка не запусьціў машыну рэфэрэндуму? Напэўна, гатовыя ўжо схемы, аднак, многія лічаць, што Масква пакуль не дала сваёй “адмашкі”...

(Сіліцкі: ) “Тэрмін магчымага рэфэрэндуму — гэта дзесьці лістапад-сьнежань сёлета. Паводле беларускага заканадаўства, у гэтым выпадку ён павінен быць прызначаны ў жніўні-верасьні. Так што першы мой адказ — яшчэ проста ня час.

Другі аспэкт. Безумоўна, Лукашэнку патрэбна прывязаць рэфэрэндум па трэцім тэрміне да рэфэрэндуму па інтэграцыі. У сёньняшняй палітычнай сытуацыі ён ня здолее выцягнуць гэты рэфэрэндум. Не, вядома ж, там падлічаць, як трэба, аднак палітычных стратаў яму будзе больш чым прыбыткаў, калі ён будзе праводзіць толькі рэфэрэндум па трэцім тэрміне. Сёньня 64% беларускага грамадзтва ня згодныя, каб Лукашэнка заставаўся на наступны тэрмін, і такая кампанія антаганізуе грамадзта яшчэ больш. Толькі пытаньне пра інтэграцыю можы “выцягнуць” гэтую праблему для Лукашэнкі”.

(Цыганкоў: ) “Давайце ўдакладнім — па-вашаму,ён можа пайсьці на рэфэрэндум нават без падтрымкі Масквы, толькі пры ўмове расейскага нейтралітэту?”

(Сіліцкі: ) “Я лічу, што ён пойдзе на рэфэрэндум у любым выпадку. Пытаньне ў тым, ці атрымае ён, што захоча ці атрымае “піраву перамогу”. Калі будзе рэфэрэндум толькі па трэцім тэрміне, гэта азначае, што адразу ўключаюцца шмат якія мэханізмы, Беларусь зноў прыцягвае ўвагу Захаду. Захад плюс, магчыма, Расея плюс (самае галоўнае) беларускае грамадзтва — гэта Лукашэнка наўрад ці здолее адужаць адным адміністрацыйным рэсурсам. Я маю на ўвазе — ня толькі сёлета, а і да 2006 году”.

(Цыганкоў: ) “Спадар П’янткоўскі, як Крэмль можа паставіцца да таго, што Лукашэнка пачне праз рэфэрэндум ажыцьцяўляць праграму свайго трэцяга тэрміну?”

(П’янткоўскі: ) “Найперш давайце зыходзіць з таго, што для Лукашэнкі ўлада — гэта асноўная мэта, а ўсялякія інтэграцыйныя размовы — гэта інструмэнт і сродак. Зараз ён адчувае, што Масква яму хутчэй ня будзе падгуліваць са сваімі інтэграцыйнымі ініцыятывамі, і ён можа пайсьці па шляху даволі рызыкоўнаму і можна сказаць адчайнаму, але ж іншага не застаецца!

Гэта шлях, які ён ужо колькі разоў абазначаў, выкарыстоўваючы зусім іншыя карты, не інтэграцыйныя, а нацыянальныя. Аб’ектыўна кажучы, менавіта Лукашэнка зьяўляецца “бацькам” беларускай незалежнасьці. Беларускі прэзыдэнт яшчэ раз можа справакаваць Пуціна на паўтор ягонай знакамітай заявы — маўляў, “уступайце сям’ю суб’ектамі”. І пасьля гэтага абазначыць (як Лукашэнка ўжо рабіў), бязьмежнае абурэньне. І потым, падкрэсьліваючы сабе як бацьку беларускай незалежнасьці, паспрабаваць на гэтай казе ўехаць у сваё трэцяе прэзыдэнцтва”.

(Цыганкоў: ) “Калі Масква застаецца нэйтральнай, для Лукашэнкі рызыкоўна ісьці на рэфэрэндум. Віталь Сіліцкі, па-вашаму, ці ёсьць у яго іншыя варыянты, ці вы настойваеце, што ён увосень будзе пачынаць рэфэрэндум?”

(Сіліцкі: ) “Хутчэй за ўсё — так. Я проста вельмі скептычна стаўлюся да меркаваньня, што спадар Лукашэнка дабрахоць пагодзіцца спакойна сыйсьці з гэтай пасады. Пытаньне ў тым, што ён здолее выцягнуць з гэтага рэфэрэндуму. Усе астатнія падзеі разьвіваюцца такім чынам, што Расеі наўпрост падтрымаць Лукашэнку нават пры наяўнасьці такога імкненьня будзе ўсё цяжэй. І гэта таксама вынікае з пасланьня Пуціна, дзе шмат было сказана пра эўрапейскую інтэграцыю Расеі.

Аднак ня будзем забывацца, што папярэднія сэзоны ў крытычныя моманты Расея заўжды аказвалася на баку Лукашэнкі. Гэта нібыта малаверагодны сцэнар, але і ён можа адбыцца”.

(Цыганкоў: ) “Атрымліваецца, што пры любым разьвіцьці падзеяў беларуская і расейская палітычная эліта бліжэйшыя месяцы будуць аддаляцца. Пойдзе Лукашэнка на рэфэрэндум па трэцім тэрміне ці не, гэта так ці йначай выкліча рост супярэчнасьцяў паміж беларускім і расейскім кіраўніцтвам…”

(П’янткоўскі: ) “Чым далей мы будзем адыходзіць ад ўсёй гэтай 10-гадовай інтэграцыянісцкай дэмагогіі, тым бліжэй мы будзем набліжацца да нармальных дачыненьняў двух суседніх сяброўскіх незалежных дзяржаваў. І чым меней мы будзем займацца пабудовай розных фантомаў накшталт канстытуцыйных актаў, тым хутчэй мы будзем набліжацца на шляху нармальнага супольнага руху ў Эўропу, які быў так дакладна пазначаны прэзыдэнтам Пуціным у сваім пасланьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG