Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЭПУТАТА НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ С.СКРАБЦА ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, дэпутат Сяргей Скрабец даведаўся зь ліста старшага сьледчага ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Вячаслава Цераховіча. Сьледчы паведаміў, што дэпутат падазраецца ў выманьваньні крэдытаў і арганізацыі злачыннай групоўкі. Пакуль Сяргея Срабца не выклікаюць на допыты, а толькі прапануюць наведаць пракуратуру і ўзяць копію пастановы пра завядзеньне справы. У пракуратуру ён дагэтуль не хадзіў, бо лічыць сябе невінаватым і кажа, што “ня мае часу на марныя справы”.

(Скрабец: ) “Паводле гэтай крымінальнай справы ўжо асуджана 7 чалавек — 6 у турме і адзін асуджаны ўмоўна. Лічу, што ўсе яны асуджаныя незаконна. Гэта кіраўнікі гандлёвага дома “Бел-Бабаеўскі”, фірмы “Белтрэйдэкспа” і 510-й філіі “Беларусбанку”, які выдаваў крэдыты. Адна фірма атрымала 320 тысячаў, другая 180 тысяч даляраў. Я маю да гэтага толькі тое дачыненьне, што да майго абраньня дэпутатам Нацыянальнага сходу ў 2000 годзе я быў дырэктарам гандлёвага дому “Бел-Бабаеўскі”, а нявернутыя крэдыты браліся ўжо пасьля выбараў, калі я зь фірмы сышоў. Раней да мяне прэтэнзіяў у сьледчых не было, я быў сьведкам у гэтай справе, але вось стаў падазроным”.

Гэтыя зьмены дэпутат Сяргей Скрабец тлумачыць тым, што ён узначаліў дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая ў шмат якіх пытаньнях займае пазыцыю, адрозную ад парлямэнцкай бальшыні і ад пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасьці, гэтая група вырашыла далучыцца да грамадзкай камісіі ў расьсьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў. Пра гэтае рашэньне было абвешчана 7 траўня на прэсавай канфэрэнцыі, якую дэпутаты “Рэспублікі” ладзілі разам з праваабаронцамі й прысьвяцілі 4-м угодкам зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Дарэчы, на той прэсавай канфэрэнцыі было абвешчана, што Сяргей Скрабец пасьля генэрала Валера Фралова ўзначаліў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Дзіўна, але якраз 7 траўня справа Сяргея Скрабца патрапіла да сьледчага Вячаслава Цераховіча.

Між тым, у пракуратуры сьцьвярджаюць, што да дэпутацкай дзейнасьці Сяргея Срабца прэтэнзіяў ня маюць. “Вядзецца сьледзтва, і яно адкажа на ўсе пытаньні”, — кажуць у пракуратуры.

Паводле артыкулаў, у якіх падазраецца кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец, прадугледжаецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG