Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА АБЯЦАЕ АБАРАНЯЦЬ У БЕЛАРУСІ РАСЕЙСКУЮ МОВУ


Валер Каліноўскі, Менск

Лекцыя А.Лукашэнкі й адказы на пытаньні зацягнуліся амаль на пяць гадзінаў. Патрапіць на яе змаглі толькі тыя, хто меў адмысловае запрашэньне. Задаць пытаньне таксама змаглі ня ўсе ахвотныя.

Аляксандар Лукашэнка пачаў з ідэалёгіі як імуннай сыстэмы дзяржавы і назваў культуру фундамэнтам ідэалёгіі, доўга пераконваў ствараць патрэбнае грамадзтву мастацтва. Некаторыя студэнты ўспрынялі гэтыя заявы пазытыўна, іншыя — скептычна.

“Звычайныя былі такія размовы папулісцкага кшталту, я нічога новага не чакаў, проста я ішоў туды асабіста, каб сустрэцца з апошнім дыктатарам Эўропы”, — сказаў студэнт Акадэміі мастацтваў Пятро, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча.

Падчас выступу А.Лукашэнка нечакана выказаўся за ўсебаковую падтрымку расейскай мовы і культуры ў Беларусі… “Гэта — адзін са здабыткаў краіны, — казаў ён, — як перамога ў Вялікай Айчыннай вайне”. А пра неабходнасьць падтрымкі беларускай мовы прэзыдэнт не казаў. Гэта выклікала абурэньне часткі студэнтаў:

(Студэнтн: ) “Ён сказаў, што трэба ратаваць менавіта расейскую мову, як быццам яна гіне, яна тут пад уціскам, ёй тут не прасунуцца — скрозь адныя беларусы! Што ў цяжкіх умовах і расейская культура, якую трэба ратаваць і падтрымліваць дзьвюхмоўе… Каб паверыць у гэта, трэба быць задужа дурным”, — сказаў студэнт Пятро.

Акрамя таго, А.Лукашэнка нэгатыўна выказаўся на адрас вядомых пісьменьнікаў Васіля Быкава і Ўладзімера Някляева, якія, маўляў, атрымлівалі ордэны і прэміі, а цяпер нэгатыўна ацэньваюць цяперашняе кіраўніцтва. Даволі зьняважліва А.Лукашэнка зьвяртаўся і да кіраўнікоў ды выкладчыкаў Беларускай Акадэміі мастацтваў.

Выкладчыкі ж скептычна паставіліся да мастацтвазнаўчых экскурсаў і да ацэнак самога А.Лукашэнкі:

(Зінкевіч: ) “Па-сутнасьці, ён ня мае нават інфармацыі пра тое, што адбываецца ў акадэміі. У нас узровень вельмі высокі, гэта адна зь лепшых мастацкіх школаў, нам даказваць няма чаго, гэта вядома. І любая акадэмія, скажам, варшаўская, дусэльдорфская, мюнхенская — яны пра гэта могуць сказаць”, — сказаў Уладзімер Зінкевіч, загадчык катэдры манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. Асабіста ён не пакрыўдзіўся на зьняважлівыя заўвагі Лукашэнкі.

(Зінкевіч: ) “Мы прызвычаіліся, я думаю, што гэта, відаць, настаўніцкая доля: цярпець і перамагаць”, — сказаў выкладчык акадэміі Ўладзімер Зінкевіч.

Некаторыя студэнты выказвалі спадзяваньне, што пасьля гэтай сустрэчы ім падвысяць стыпэндыі, бо ў іх стыпэндыя адна з самых нізкіх сярод навучальных установаў Менску, і што палепшыцца сытуацыя з забесьпячэньнем акадэміі інтэрнатамі й жыльлём.

Адказваючы на пытаньні студэнтаў, А.Лукашэнка заявіў, што, у барацьбе за дэмаграфічную бясьпеку, да забароны на аборты беларускае грамадзтва пакуль не дарасло. Студэнты ж выказалі А.Лукашэнку сваё пажаданьне:

(Студэнтка: ) “Хацелася б, каб ён на самой справе любіў і паважаў сваіх падначаленых і ўсіх нас, людзей. Перш за ўсё ён павінен служыць людзям, і каб гэтае служэньне было сапраўднае”, — сказала другакурсьніца Алена Кучко.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG