Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ПІЛЁТЫ АДСЬВЯТКУЮЦЬ ВЯЛІКДЗЕНЬ У НІГЕРЫІ


Ігар Карней, Менск

У Дзяржаўным камітэце авіяцыі паведамілі, што перамовы прадстаўнікі камітэту раніцай у пятніцу мелі толькі з гаспадаром гатэлю, дзе апошнія 25 дзён жывуць 12 пілётаў і бортправадніц гомельскага самалёту Ту-154. Гаспадар выдаў рахунак на аплату паслугаў і безапэляцыйна заявіў, што пакуль не заплацяць, ніхто гатэль не пакіне. У Дзяржкамавія запэўнілі, што неабходная сума ўжо пералічаная, але з прычыны працяглых выходных грошы трапяць у банк Лягосу толькі ў аўторак. Таму ў найлепшым выпадку беларускі самалёт можа ўзьняцца ў паветра 23 красавіка — роўна празь месяц пасьля таго, як ён прызямліўся на міжнародным лётнішчы Лягосу.

Мае спробы пагутарыць з гомельскімі пілётамі сёньня скончыліся няўдала. Парт’е гатэля некалькі разоў пераключалі тэлефон, зь кімсьці раіліся, а тым часам у слухаўцы гучалі афрыканскія рытмы.

Затое кіраўнік расейскага кансуляту ў Лягосе Аляксандар Кулікоў распавёў, што быў сёньня ў гатэлі. Экіпаж трымаецца мужна, але засмучаны чарговай адтэрміноўкай адлёту на радзіму. Спадар Кулікоў спадзяецца — не надоўга.

(Кулікоў: ) “Мы атрымалі лісты аб адсутнасьці прэтэнзіяў да экіпажу з боку міграцыйнай службы. Ёсьць вусная дамоўленасьць з кіраўніцтвам лётнішча. Заказчык не адмаўляецца аплачваць выдаткі за прастой самалёту. Чакаем, пакуль задаволіць свае патрабаваньні гаспадар гатэлю. Тады вызваліць іх могуць. Пакуль страты нясе нігерыйскі бок, які не правёў працу са службай міграцыі. Фрахтавальнік проста недаацаніў сытуацыю са сваімі ж нігерыйцамі. Беларускі бок выконваў усе ўмовы кантракту. Але, на жаль, экіпаж затрымліваецца”.

Зрэшты, ня ўсе лічаць, што ўжо цягам наступнага тыдня гомельскія пілёты могуць вярнуцца дадому. Былы намесьнік старшыні БНФ Станіслаў Гусак адпрацаваў у Нігерыі тры гады: ад 1982 да 1985-га ў складзе каманды савецкіх адмыслоўцаў будаваў мэталюргічны камбінат у горадзе Аджакут. Ён уважліва сочыць за тым, як разгортваюцца падзеі ў Лягосе, і зусім ня дзівіцца, што беларусаў падманулі: Нігерыя славутая махлярамі ня толькі ў афрыканскім сьвеце.

А вось тое, што прадстаўнікі Дзяржкамавія спадзяюцца на вырашэньне канфліктнай сытуацыі толькі празь перамовы, спадара Гусака зьдзіўляе. Ён перакананы: каб разьвязаць праблему, у Лягос трэба ехаць не з прамовамі, а з торбай грошай — бяз хабару ў Нігерыі нічога ня вырашыш.

(Гусак: ) “У Нігерыі людзі працуюць толькі з хабарам, прычым, з хабарам велізарным. І калі ёсьць магчымасьць гэты хабар атрымаць, яны за яго будуць змагацца. Таму проста прыехаць і паразмаўляць, зыходзячы зь нейкіх чалавечых пазыцыяў, немагчыма. Нігерыя заўсёды заставалася месцам, дзе дамовіцца з кіраўніцтвам, незалежна ад узроўню, вельмі цяжка, амаль немагчыма.

Спадзяваньні на тое, што нашыя прадстаўнікі туды прыедуць і кагосьці пераканаюць, маўляў, мы не вінаватыя ў тым, што адбылося вакол самалёту і экіпажу, марныя. Яны можа і разумеюць, але іх гэта мала хвалюе, ім трэба хабар. І калі туды не прывезьці мех з далярамі, то, упэўнены, яны не зразумеюць нічога”.

Да сказанага Станіславам Гусакам дадам, што, паводле справаздачаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Нігерыя стала займае першыя месцы ў сьпісах краінаў з самай высокай карумпаванасьцю чынавенства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG