Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАНЕ СЫРЫЯ НАСТУПНАЙ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Брытанская "Financial Times" піша, што рашэньне ЗША павялічыць ціск на Сырыю выклікала шырокую заклапочанасьць, раздражнёнасьць і трывогу ў арабскім сьвеце і пэўнае здранцьвеньне ў Эўропе. Пагрозы супраць Дамаску, сьцьвярджае газэта, маюць сэнс толькі як частка больш шырокай стратэгіі па ўсталяваньні міру паміж Ізраілям і палестынцамі шляхам утварэньня палестынскай дзяржавы. Зараз Сырыя дыпляматычна і эканамічна кінутая на вырак лёсу. “Аднак калі прэзыдэнт Асад жадае больш бясьпечнай будучыні для сябе і сваёй краіны, ён павінен пачаць рынкавыя эканамічныя рэформы”, – лічыць "Financial Times".

"Chicago Tribune" аналізуе падабенствы і адрозьненьні Сырыі і Іраку. Як і Ірак, Сырыя кіруецца ад 1968 году арабскай нацыяналістычнай партыяй “Баас”. Як і Ірак, гэта паліцэйская дзяржава, дзе ўлада сканцэнтраваная ў рукох невялікай клікі на чале з прэзыдэнтам Асадам. Сырыя таксама ёсьць галоўным спонсарам міжнароднага тэрарызму, у асаблівасьці падтрымліваючы палестынскую групоўку “Хезбала” супраць Ізраілю. Аднак Сырыя у многіх аспэктах адрозьніваеца ад Іраку, – адзначае "Chicago Tribune". Дамаск падтрымаў сілы кааліцыі падчас вайны 1991 году ў Пэрсыдзкай затоцы. Сырыя супрацоўнічала з ЗША ў справе знаходжаньня сябраў Аль-Каеды пасьля 11 верасьня. Сырыя таксама падтрымала знакамітую рэзалюцыю ААН №1441 наконт разбраеньня Іраку.

У самой Сырыі дзяржаўнае рэспубліканскае радыё заклікае іншыя арабскія краіны выступіць супраць амэрыканскіх пагрозаў, якія, паводле радые, выкліканыя сыянісцкім пранікненьнем у амэрыканскае кіраўніцтва. “Агрэсія Ізраілю супраць арабаў у кантэксце амэрыканскай вайны ў Іраку мае больш небясьпечную і жорсткую прыроду. Кожны ведае, што Ізраіль і сыянісцкае лёбі ў ЗША жадаюць поўнага кантролю над нашым рэгіёнам і перамаляваньня мапы з мэтай пакончыць з арабскай салідарнасьцю”, – заяўляе сырыйскае радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG