Зьвесткі пра тое, што ў Катыньскім лесе недалёка ад Смаленску знойдзеныя парэшткі тысячаў польскіх афіцэраў, якія трапілі ў савецкі палон пасьля разьдзелу Польшчы Гітлерам і Сталінам, а потым былі расстраляныя НКВД, ўпершыню ў 1943 годзе распаўсюдзіла нямецкае радыё.
Перад гэтым была праведзеная эксгумацыя брацкіх магілаў на месцы забойстваў. Адразу пасьля зьяўленьня інфармацыі пра Катынь у эўрапейскіх і амэрыканскіх газэтах Масква абвінаваціла ў гэтым злачынстве гітлераўцаў. Менавіта так у савецкай гісторыяграфіі і падаваліся катыньскія падзеі праз наступную палову стагодзьдзя.
Толькі ў 1990 годзе Савецкі Саюз афіцыйна прызнаў, што палонных афіцэраў, груба парушаючы ўсе міжнародныя канвэнцыі, расстрэльвалі часткі НКВД.
У красавіку і траўні 1940 году ў СССР былі расстраляныя агулам 14,5 тысячаў польскіх вайскоўцаў, зь іх 4,5 тысячы – у Катыні.
Расейская пракуратура вядзе сьледзтва ў гэтай справе ўжо 11 гадоў, аднак дагэтуль невядомыя шэраг важных акалічнасьцяў злачынства. Невядомыя прозьвішчы выканаўцаў забойстваў, а таксама 3,5 тысячаў польскіх афіцэраў з гэтак званага беларускага сьпісу.
Паводле меркаваньняў шэрагу польскіх арганізацыяў, якія займаюцца справай Катыні, польскі ўрад мусіць афіцыйна дамагацца ад Расеі прысьпяшэньня сьледзтва ці перадачы ягоных матэрыялаў польскаму боку.
Канчаткова высьвятліць праўду пра крывавыя падзеі 60-гадовай даўніны, палякам, магчыма, дапамогуць 7 тысячаў старонак дакумэнтаў са Злучаных Штатаў, якія былі напярэдадні перададзеныя польскім навукоўцам. На пачатку 1950-х гадоў адмысловая камісія амэрыканскага Кангрэсу праводзіла сьледзтва ў справе Катыні. Гаворыць польскі навуковец Анжэй Пшэвозьнік:
(Навуковец: ) “Першым амэрыканцам, якога ў якасьці палоннага немцы завезьлі для працы ў Катынь, быў адзін палкоўнік, які пасьля вызваленьня з палону перадаў уладам ЗША падрабязны рапарт у гэтай справе. Мы спадзяемся, што сярод дакумэнтаў Кангрэсу ёсьць гэты рапарт, бо ён утрымлівае пераканаўчыя доказы таго, што катыньскае злачынства зьдзейсьнілі Саветы”.
Якраз напярэдадні 60-х ўгодкаў з дня зьяўленьня першых зьвестак пра масавыя расстрэлы часткамі НКВД польскіх палонных шэраг дакумэнтаў у гэтай справе былі апублікаваныя і ў Вялікай Брытаніі.
Аказалася, што брытанцы ведалі пра тое, хто ёсьць сапраўдным выканаўцам катыньскіх злачынстваў яшчэ ў 1940-я гады, аднак не хацелі распаўсюджваць гэтыя зьвесткі, хутчэй за ўсё, каб не псаваць адносінаў з Масквой.
У гэтыя выходныя ў Польшчы прайшлі шэраг урачыстых мерапрыемстваў і навуковых чытаньняў у гонар загінулых польскіх афіцэраў, у якіх бралі ўдзел найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі, вядомыя навукоўцы і грамадзкія дзеячы.