Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў адносна пітных прыярытэтаў розьніліся ня вельмі істотна: бальшыня казала, што цяпер людзі шмат п’юць гарэлкі й наўрад ці зьменяць гэтую звычку.
(Карэспандэнтка: ) “Што беларусы ў рэальнасьці больш будуць піць: піва ці гарэлку?”
(Спадар: ) “Канечне, аматараў гарэлкі значна больш. Сьпіліся ўсе, як дзяўчаты, так і хлопцы. Назіраю на працы: пераліваюць у плястыкавыя пляшкі, каб не відаць было, што гарэлка, і п’юць. Чарніла, гарэлку — будуць, піва — не”.
(Спадарыня: ) “Ніхто не адвучыць ад сьпіртовых напояў. Таму што моладзі няма ніякіх забавак: пайсьці на дыскатэку — квіткі дарагія. Вось і ўсё зборышча ў крамах, у кавярнях гэтых, а там каву й гарбату ня п’юць, а гарэлку”.
(Спадар: ) “Гарэлка лепш, бо яна й па галаве б’е добра. А піва — гэта так, дзіцячы напой, каб дзеці лепш расьлі”.
(Спадар: ) “Вельмі мала п’юць піва, а гарэлку — ад малога да вялікага”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці можа гэта зьмяніцца, як вы думаеце?”
(Спадар: ) “Паколькі нашае кіраўніцтва такое разумнае, то нічога ня зьменіцца. Пры нашым “бацьку” ніколі нічога ня зьменіцца да лепшага”.
Частка апытаных мінакоў мяркуе, што многія грамадзяне выбіраюць піва, але ня лічаць гэты напой бяскрыўдным што да залежнасьці ад алькаголю.
(Спадарыня: ) “Піва ці гарэлку? Ну, я думаю, што піва будуць больш піць, бо гэта больш даступна для моладзі. Але ці добра гэта — гэта яшчэ вялікае пытаньне. Таму што піва таксама алькаголь, і я лічу, што трэба ўводзіць абмежаваньні, да 21 году піва не прадаваць, як і гарэлку”.
(Спадарыня: ) “Ня самы лепшы напой піва. Безалькагольнае бяруць мала, а бяруць дзе больш градусаў і прывыкаюць да алькаголю. А пасьля без гарэлкі яны ўжо ня могуць”.
(Спадарыня: ) “Уся гэтая палітыка прэзыдэнта піўная — жахлівая. Прывучаюць моладзь на ўсіх сьвятах піць піва. З гэтага пачынаецца й расьпіцьцё гарэлкі, колькі ўжо трагедыяў было на гэтай глебе: тая ж Няміга, тое ж на Кастрычніцкай плошчы. Людзі робяць грошы, нехта атрымлівае вялікія прыбыткі, а нашыя дзеці сьпіваюцца”.
Моладзь таксама ня лічыць піва безалькагольным напоем, але мяркуе, што стрыманае ўжываньне ня шкодзіць.
(Карэспандэнтка: ) “Што п’яце больш — піва ці гарэлку?”
(Спадар: ) “Піва, канечне”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы лічыце піва алькагольным напоем?”
(Спадар: ) “Канечне, лічу”.
(Карэспандэнтка: ) “У такім выпадку ці не асьцерагаецеся яго піць?”
(Спадар: ) “Калі не ўжываць сыстэмна, то гэта ня так важна”.
(Спадар: ) “Патрэбная мера ва ўсім”.
(Спадар: ) “Я лічу, што ўсё ж людзі больш будуць піць піва. Па тэлебачаньні нешта паказвалі прэзыдэнта й астатніх, што нібыта на “Крыніцы” будуць павышаць якасьць піва, але мы ўсе п’ём “Лідзкае” піва. А гарэлку ўвогуле трэба забараніць. Бо гарэлку “гопнікі” якія-небудзь п’юць у дварах, каб набухацца, а мы п’ем піва для задавальненьня. Таму — піце піва”.