Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС БЛІКС ВЫСТУПІЦЬ ПЕРАД РАДАЙ БЯСЬПЕКІ ААН СА СПРАВАЗДАЧАЙ АБ РАЗЗБРАЕНЬНІ ІРАКУ


Віталь Цыганкоў, Прага

Паводле дыпляматычных крыніцаў, Брытанія зараз распрацоўвае кампрамісны праект рэзалюцыі ААН, якая дасьць Іраку больш часу для выкананьня патрабаваньня аб раззбраеньні. У гэтым праекце Багдаду будзе пастаўлены ультыматум і вельмі кароткі канцавы тэрмін для раззбраеньня. Папраўкі прадугледжваюць прадстаўленьне Садаму Хусэйну нейкага апошняга шанца. Новы праект, відавочна, мае на мэце паўплываць на пазыцыю тых сябраў Рады Бясьпекі, якія яшчэ ня вызначыліся, атрымаць у іх згоду на ваенную акцыю ў Іраку, калі Багдад ня выканае патрабаваньняў ААН. Пакуль, аднак, не зусім зразумела, ці пагодзяцца ЗША на нейкія кампрамісы наконт рэзалюцыю ў справе Іраку, якая на думку Вашынгтона павінна легітымізаваць ужываньне ваеннай сілы супрацть Іраку. Іншыя аналітыкі адзначаюць, што брытанскі праект зьяўляецца толькі дыпляматычным крокам, каб паўплываць на пазыцыю Расеі, Францыі і Кітая.

Як вядома, сталыя сябры Рады Бясьпекі Расея, Францыя і Кітай выступаюць супраць прыняцьця новай рэзалюцыі. Нядаўна і Францыя і Расея заявілі, што могуць накласьці на яе вета. Міністар замежных справаў Кітаю Тан Цсясюань заявіў, што Кітай цалкам падтрымлівае сумесную дэклярацыю Францыі, Нямеччыны і Расеі, якія заклікаюць да мірнага разьвязаньня ірацкага крызісу. “На дадзены момант няма неабходнасьці ў замене старой рэзалюцыі 1441 у справе Іраку на новую”, – сказаў кітайскі міністр.

Нагадаем, 5 сакавіка міністры замежных справаў Расеі, Францыі і Нямеччыны заявілі, што не дапусьцяць прыняцьця рэзалюцыі ў справе Іраку, падрыхтаванай ЗША, Велікабрытаніяй і Гішпаніяй. На прэсавай канфэрэнцыі пасьля нарады міністраў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Францыі Дамінік дэ Вільпэн заявіў, што Францыя і Расея гатовыя “ўзяць на сябе ўсю адказнасьць”, абы не дапусьціць прыняцьця рэзалюцыі, якая прывядзе да вайны ў Іраку. Да галасоў супраць вайны ў Іраку далучыўся і голас Касьцёлу. Адмысловы пасланьнік Папы Рымскага кардынал Пія Ладжы пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Бушам на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне заявіў, што амэрыканская ваенная акцыя ў Іраку будзе незаконнай і нелегітымнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG