Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСАВЫЯ СКАРАЧЭНЬНІ ПРАЦОЎНЫХ У БЕРАСЬЦІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Завод “Цьветатрон” быў зачынены на дзесяць дзён новага году. Але i пасьля Калядаў праца знайшлася не для ўсiх. Адмiнiстрацыя прадпрыемства папярэдзiла больш за 300 рабочых аб неабходнасьцi аформiць вымушаны адпачынак адразу на тры месяцы. Увесь гэты час яны ня будуць атрымліваць грошай. Апроч таго, яшчэ 120 чалавек пераведзеныя на скарочаны працоўны рэжым. Такiм чынам, амаль для паловы працоўнага калектыву заводу, новы год распачаўся з iстотнага пагаршэньня ўмоваў працы.

“Цьветатрон” — не адзiнае прадпрыемства ў Берасьцi, дзе рабочых адпраўляюць у вымушаны адпачынак. Але маштабы гэтай зьявы дзяржаўныя ўстановы не адсочваюць. Начальнiк аддзелу гарадзкога цэнтру занятасьцi Iна Шэрамяцiнская гаворыць, што дакладных зьвестак пра незаплянаваныя адпачынкi й скарочаны працоўны тыдзень ад прадпрыемстваў нiхто не патрабуе. Затое спадарыня Шэрамяцiнская паведамiла, што ў гэтым годзе iмклiва пачалi скарачаць сваiх супрацоўнiкаў ужо ня толькi на заводах.

(Шэрамяцiнская: ) “У лютым мы чакаем скарачэньня 239 чалавек у вайсковай частцы, а дакладней, у шпiталi. На берасьцейскай мытнi 42 чалавекi будуць скарочаныя, на мытнi “Заходнi Буг” — 32 чалавекi, на тым самым “Цьветатроне” — 39 чалавек плянуецца скарацiць. Гэта людзей будуць скарачаць, а не працоўныя месцы. Гэта людзi, якiя пасьля прыйдуць у цэнтар занятасьцi i, верагодна, стануць на ўлiк”.

У гарадзкiм цэнтры занятасьцi паведамiлi таксама, што колькасьць скарачэньняў на берасьцейскiх прадпрыемствах i ва ўстановах павялiчылася за апошнi год амаль утрая. Тым ня менш, зьвесткi пра беспрацоўе застаюцца ранейшымi: афiцыйная статыстыка цьвердзiць, што яе ўзровень у Берасьцi ледзь перавышае 2%.

Але гэтыя лiчбы ўжо не ўспрымаюць усур’ёз нават праваахоўчыя органы. Учора кiраўнiк берасьцейскай мiлiцыi Ўладзiмер Шафарэнка заявiў, што 17% жыхароў вобласьцi ня маюць легальных крынiцаў даходу. Паводле высноваў мiлiцэйскага начальства, менавiта гэта ёсьць галоўнай прычынай iстотнага пагаршэньня крымiнальнай cытуацыi на Берасьцейшчыне: за мiнулы год колькасьць зарэгiстраваных злачынстваў павялiчылася тут амаль удвая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG