Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ СУДЫ НАД МІЛІЦЫЯНТАМІ


Любоў Лунёва, Менск

У Маскоўскім судзе хутка будуць судзіць супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Іх абвінавачваюць у тым, што яны далі ўцячы арыштаванаму злачынцу-рэцыдывісту.

Гэтыя міліцыянты некалькі разоў забіралі зь Менскага СІЗА небясьпечнага злачынцу нібыта на допыты, але насамрэч выконвалі некаторыя ягоныя прыхамаці. Высьветлілася, што яны гэта рабілі нібыта дзеля таго, каб злачынца прызнаўся яшчэ ў некалькіх кватэрных крадзяжах. Дайшло да таго, што злачынцу прывезьлі на кватэру да ягонай каханкі. Міліцыянты зьнялі зь яго кайданкі й сышлі на кухню. Праз пэўны час, зайшоўшы ў спальню, яны засьпелі там толькі жанчыну.

Цяжка даказаць, што міліцыянты атрымалі за гэта ўзнагароду ад злачынцы. Але назіральнікі адзначаюць, што такія выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі задавальняюць некаторыя жаданьні злачынцаў, адбываюцца даволі часта.

Гаворыць Алег Гулак:

(Гулак: ) “На жаль, гэтая сумная практыка існуе. Сёньня галоўным крытэрам працы праваахоўчых органаў стала не рэальная абарона закону і правоў пацярпелых, а праца на паказчыкі. За высокія дасягненьні ў паказчыках супрацоўнікі міліцыі атрымліваюць чарговыя званьні і прэміі. Таму й існуе сыстэма карупцыі і незаконных дамоўленасьцяў паміж крымінальнікамі й прадстаўнікамі праваахоўчых органаў. Натуральна, гэта не ідзе на карысьць у барацьбе са злачыннасьцю”.

У Фрунзенскім судзе Менску будуць судзіць міліцыянтаў, якія дапамаглі зламысьніку незаконна атрымаць страхоўку за пабіты аўтамабіль. Паводле заканадаўства, за пашкоджаны аўтамабіль грошы выплачваюць толькі ў выпадку двухбаковага транспартнага задарэньня. А ў дадзеным выпадку па віне кіроўцы аўтамабіль зьехаў з трасы ў кювэт. Знайшліся міліцыянты, якія пацьвердзілі, што насамрэч адбылася аварыя ў горадзе. У выніку кіроўца беспадстаўна атрымаў больш за чатыры мільёны рублёў. Экспэрты даказалі, што заключэньне ілжывае, і цяпер несумленныя міліцыянты паўстануць перад судом.

Пракуратура расьсьледуе яшчэ некалькі крымінальных справаў супраць міліцыянтаў. Апошняя — разбойны напад на кватэру і рабаўніцтва, якое зьдзейсьніў супрацоўнік ўпраўленьня барацьбы з наркотыкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG