У рэгіёне яшчэ ўлетку была ўтвораная кааліцыя “Круглы стол “Дэмакратычныя сілы Гомельшчыны ў маючых адбыцца выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў”. Цяпер прадстаўнікі шасьці палітычных партыяў і сямі грамадзкіх суполак, якія ўваходзяць у гэтую перадвыбарчую кааліцыю, падпісалі адмысловы зварот да выканаўчай вэртыкалі і прадстаўнічых органаў. Сёньня гэты зварот накіраваны ў абласны савет і выканаўчы камітэт, ва ўсе раённыя ўладныя структуры рэгіёну, а таксама сродкі масавай інфармацыі.
Падпісанты заклікалі мясцовыя ўлады на практыцы забясьпечыць права палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў удзельнічаць у працы выбарчых камісіяў — ад акруговай да ўчастковых. Дзеля гэтага рэгіянальныя суполкі гатовыя вылучыць у камісіі сама меней паўтысячы сваіх прадстаўнікоў.
Як паведаміў каардынатар рабочай групы кааліцыі Ўладзімер Кацора, узгоднены ўжо мэханізм вылучэньня ў выбарчыя камісіі дэмакратычных прадстаўнікоў.
На мінулых выбарах у ніжнюю палату нацыянальнага сходу гомельскія ўлады цалкам абмежавалі ўдзел дэмакратычных прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Не ўключылі ў камісію нават былую старшыню гарсавету і выканкаму Сьвятлану Гальдадэ, якая прадстаўляла Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Адмова была стандартнай — маўляў, не ўключаная з прычыны адсутнасьці адпаведнай падрыхтоўкі.
Гомельскія дэмакраты лічаць, што ўдзел партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у камісіях ня толькі паспрыяе празрыстасьці гэтай кампаніі, але і падвысіць давер грамадзянаў да выбараў дэпутатаў.
На лістападаўскім паседжаньні рабочай групы кааліцыі будуць абмеркаваныя прэтэндэнты ад дэмакратычных партыяў на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты.
Выбарчая тэма сталася і галоўнай прычынаю канфлікту ў абласным цэнтры ў асяродку сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Яна падзялілася на дзьве арганізацыі. Распавядае сакратар аднаго з гаркамаў “Народнай грамады” Ўладзімер Вераб’ёў:
(Вераб’ёў: ) “Я пра гэта ўжо казаў адкрыта: брудныя перадвыбарчыя тэхналёгіі. Хтосьці паабяцаў, што забясьпечыць выкарыстаньне ўладных структурных магчымасьцяў на выбарах, калі мы абярэм у абкам нашай партыі спадара Куліка. Мы, зразумела адмовіліся. Мы ідзем адкрыта. Мы хочам сумленна змагацца за ўладу”.