Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ" ПАДТРЫМАЛА ЗАПЫТ ДЭПУТАТА ФРАЛОВА ДА ГЕНЭРАЛЬНАГА ПРАКУРОРА ПРА ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

"Палата прадстаўнікоў", якая раней адмовілася падтрымаць прапанову Валерыя Фралова стварыць адмысловую камісію дзеля расьсьледаваньня справаў зьніклых палітыкаў, сёньня нечакана пагадзілася зь іншай ягонай ініцыятывай.

Спадар Фралоў вырашыў накіраваць генэральнаму пракурору дэпутацкі запыт пра лёс зьніклых апазацыйных дзеячоў. Але калі раней любы дэпутат мог накіраваць свой запыт ва ўрад ці іншыя дзяржаўныя органы самастойна, то паводле новай Канстытуцыі для гэтага патрэбная яшчэ падтрымка большасьці "Палаты прадстаўнікоў". Спадар Фралоў здолеў яе дамагчыся. Прычым, калі за ўключэньне ў парадак дня сэсіі пытаньня пра запыт генэральнаму пракурору прагаласавала мінімальна патрэбная кольскасьць дэпутатаў — 56, то за сам запыт было ўжо 59 галасоў. Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Патрэбны канкрэтны адказ паводле нашага рэглямэнту, і мусіць быць канкрэтны адказ. Чаму гэты запыт быў накіраваны? Мне здаецца, што ўсім людзям, значнай частцы нашага грамадзства, гэтае пытаньне не абыякавае. Калісьці трэба ставіць кропку ў гэтай праблеме, каб ясна ўяўляць, у чым жа справа ўрэшце. У тым ліку гэта трэба і для ўлады”.

Валеры Фралоў задаў Віктару Шэйману тры канкрэтныя пытаньні:

1. На падставе якіх дакумэнтаў, хто іх падпісаў, быў спачатку затрыманы, а потым вызвалены са сьледчага ізалятару камандзір СОБРу Паўлічэнка?

2. Чаму, нягледзячы на тое, што адбыўся суд над бандай Ігнатовіча, якая выкрала З.Завадзкага, так і ня выяўленае ягонае месцазнаходжаньне?

3. Хто працягвае сьледзтва па справах зьніклых дзеячоў?

Генэральны пракурор мусіць на працягу 30 дзён даць адказ, які можа быць апублікаваны ў прэсе. Калега спадара Фралова дэпутат Аляксандар Архіпаў, былы супрацоўнік пракуратуры, называе гэты запыт “больш палітыканствам, чым рэальным клопатам пра лёс зьніклых”.

(Архіпаў: ) “Справа ў тым, што гэтай праблематыкай я займаюся па лініі Міжпарлямэнцкага саюзу, я прапаноўваў і спадару Фралову, і іншым азнаёміцца з матэрыяламі, якія ў мяне ёсьць. У мяне ёсьць усе адказы з пракуратуры, МУС, КГБ, іншых ведамстваў. Яшчэ 2 кастрычніка я прапаноўваў дэпутатам, каго цікавіць гэтая праблема, прыйсьці і пачытаць”.

Аднак даць пачытаць гэтыя матэрыялы журналістам спадар Архіпаў адмовіўся, маўляў, гэта таямніца сьледзтва:

(Архіпаў: ) “Не, ну я вам ня дам, асабіста вам ня дам. Я дам любому дэпутату азнаёміцца”.

Спадар Архіпаў лічыць, што адказ дэпутату Фралову з пракуратуры будзе такім жа, які ёсьць у яго — ён, маўляў, атрымае тую ж абмежаваную інфарамцыю, якая дазваляецца законам аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

А дэпутат Іван Пашкевіч падтрымаў запыт Валерыя Фралова:

(Пашкевіч: ) “Я тут ня бачу ніякай палітыкі. Канечне, трэба ведаць, што робіцца вакол гэтай гучнай справы. Таму што пытаньняў вельмі шмат у грамадзкасьці Беларусі, у палітычных рухаў, за межамі краіны. Трэба даўно паставіць кропку ў гэтым пытаньні. А кропка — гэта калі будзе галосна расьсьледавацца гэтае пытаньне. Пералік пытаньняў, якія Фралоў паставіў генэральнаму пракурору, іх можна было б пашырыць. Але дастаткова й таго, што там прапісана”.

Іван Пашкевіч лічыць, што ад выніку гэтага запыту будзе залежаць далейшы лёс разгляду праблемы ў "Палаце прадстаўнікоў".

Жонка зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага Сьвятлана асаблівага энтузіязму наконт верагоднага адказу ад Віктара Шэймана ня мае:

(Завадзкая: ) “Я думаю, што нічога канкрэтнага ў адказе ня будзе, я нават упэўненая ў гэтым. А тое, што дэпутат Фралоў займаецца гэтым, гэта прыемна, добра, што нашая "Палата" пачала хоць якую працу ў гэтым кірунку. Ужо нейкія зрухі, бо па тым жа Ганчару — ужо тры гады прайшло, і нічога не было чуваць. Але думаю, што адказ будзе проста ніякі, звычайная адпіска. Як можа чалавек, якога сапраўды абвінавачваюць у гэтых злачынствах, я маю на ўвазе Шэймана, даць нейкую інфрамацыю? Вядома ж, не”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG