Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАЯ ЗЯМЛЯ — АЛЕКСАНДРЫЯ...


Ганна Соусь, Менск

Заўтра, 30 жніўня, Аляксандар Лукашэнка адзначыць свой 48-ы дзень народзінаў. Як паведаміла Радыё Свабода кіраўніца прэсавай службы прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, гэта будзе для кіраўніка дзяржавы звычайны працоўны дзень, Аляксандар Лукашэнка правядзе шэраг рабочых сустрэчаў. Мінулыя гады ён ніколі адмыслова не адзначаў свой дзень народзінаў. Не было аніякіх значных урачыстасьцяў. Паводле крыніцаў, блізкіх да Лукашэнкавага атачэньня, існуе нават негалосны загад высокім чыноўнікам — ня ўзводзіць гэты дзень у культ. Таму звычайна яны абмяжоўваюцца віншавальнымі паштоўкамі.

Але сёлета вырашыў вылучыцца часопіс лукашэнкавай адміністрацыі “Беларуская думка”, у мінулым “Политический собеседник”. У жнівеньскім нумары часопісу нарукаваны нарыс Міхаіла Шэлехава “Кветкі Александрыі”, прысьвечаны малой радзіме Лукашэнкі — вёсцы “з царскім імем Александрыя”. Паводле галоўнага рэдактара “Беларускай думкі” Ўладзімера Вялічкі, аўтар нарысу Міхаіл Шэлехаў — асоба паважаная й добра вядомая...

(Вялічка: ) “Гэта вельмі таленавіты чалавек. Сябра Саюзаў пісьменьнікаў, журналістаў, кінэматаграфістаў. Вялікія працы мае і гэтак далей. У Маскве працаваў доўгія гады. Вы ж бачыце, якое пяро...”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, якім чынам узьнікла гэтая публікацыя? Яна была прымеркаваная адмыслова да дня нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі ці зьявілася выпадкова?”

(Вялічка: ) “Навошта Вам усе гэтыя падрабязнасьці? Усё. Што Вы мяне спыталі, я адказаў”.

Што да пяра аўтара нарысу пра малую радзіму Лукашэнкі, то прывяду некалькі цытатаў зь ягонага твору: “Лукашэнку з гняздоўем пашанцавала. Ён супаў з народам у галоўным — у каранях, а яны ў Беларусі не местачковыя, не гандлярскія, як у суседзяў, куды сілком цягнула і цягне апазыцыя, — сялянскія”. І яшчэ адная цытата: “І няхай папярхнуцца чэрці ў болоце, паведамлю я чытачам такую навіну. Бачыў я на ўласныя вочы старое фота, на якім юны Саша Лукашэнка стаіць з кустом язьміну... Высокі прыгожы хлопчык з русай капною валос. Падобны на куст шыпшыны...”

Міхаіл Шэлехаў распавядае пра гісторыю Александрыі, называючы яе “дняпроўскай Вэнэцыяй”, “мэтафарай рэспублікі”, запісвае расповеды аднавяскоўцаў Лукашэнкі. Прыкладам, ягоная настаўніца Ніна Рыбакова цытуе фразу з сачыненьня будучага кіраўніка Беларусі. “О людзі, дайце мне свабоду! І я зьмяню сьвет”. Асобная частка гэтага публіцыстычнага твору прысьвечаная тэме будучага музэю прэзыдэнта ў Александрыі. Сам Міхаіл Шелехаў бачыў той “народны зруб. І сам паверыў: Дому прэзыдэнта — быць”. І на заканчэньне аўтар ад імя сялян і землякоў віншуе Аляксандра Лукашэнку з днём народзінаў.

Другім своеасаблівым падарункам Аляксандру Лукашэнку стане лыжна-ролерная траса ўздоўж праспэкту Машэрава даўжынёй 2,5 кілямэтры. Яна будзе адкрытая заўтра. Шырыня трасы — ад 4,5 да 6,5 мэтраў, яна мае звыштрывалае і эластычнае пакрыцьцё, можа выкарыстоўвацца круглы год пры любым надвор’і. Будавала лыжна-ролерную трасу цягам трох месяцаў прадпрыемства МАПІД. Трасу плянуецца адкрыць акурат у дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі, вядомага аматарата ролікавых лыжаў. Нагадаю, што год таму ў дзень незалежнасьці, катаючыся на лыжах па праспэкце Скарыны, Лукашэнка атрымаў памідорам ад аднаго са сваіх гледачоў. На праспэкце Машэрава, блізу рэзыдэнцыі ў Драздах, відавочна, будзе прасьцей наладзіць ахову лыжна-ролернай трасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG