Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА НАВАЖЫЛАСЯ ЗРАБІЦЬ СВАЮ ГАРЭЛКУ ТАНЬНЕЙШАЮ ЗА БЕЛАРУСКУЮ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У польскай краме сярэдні кошт гарэлкі складае прыкладна 5-6 даляраў, у той час як на найвялікшым базары ў Эўропе – слынным варшаўскім “Стадыёне 10-годзьдзя” – пляшка берасьцейскай “Новай эры” каштуе амаль у два разы таньней: каля 3-х даляраў.

Гэткая розьніца забясьпечвае гандлярам зь Беларусі сталы попыт на іхны тавар, ды ёсьць добрым заахвочваньнем да бясконцага ўдасканальваньня спосабаў хаваньня алькаголю ад мытнікаў на беларуска-польскай мяжы.

Нягледячы на ўсё больш жорсткі мытны кантроль, штодзённа на базары ў Тэрэспалі, Беластоку ды Варшаве трапляюць тысячы пляшак беларускай гарэлкі, перабіваючы гандаль мясцовым вытворцам. У выніку, значныя сродкі губляе дзяржаўны бюджэт.

Акрамя гэтага, ня ўсе гандляры прадаюць сапраўдны тавар. Часам, у пляшцы ад гарадзенскай гарэлкі, знаходзіцца сурагат, які нельга ўжываць чалавеку. Такія падробкі наряэдка выклікаюць моцныя атручваньні.

Акрамя дробных чаўнакоў, увозіць у Польшчу вялікія колькасьці кантрабанднага алькаголю усё часьцей спрабуе зарганізаваны крымінал. Нярэдка і ў самой Польшчы паліцыя выкрывае цэлыя падпольныя гарэлачныя заводы.

Таму, каб паканаць нелегалаў, міністэрства фінансаў вырашыла ад кастрычніка зьменшыць памер акцызу на моцныыя алькагольныя напоі. Паводле папярэдніх падлікаў, у выніку зьмены падатку гарэлка ў крамах патаньнее ў сярэднім на 20%. Як лічаць адмыслоўцы, гэта прывядзе да таго, што палякі будуць больш ахвотна купляць моцныя напоі ў крамах і абмінаць базары, не рызыкуючы з-за некалькіх злотых апынуцца ў рэанімацыі.

Калі для палякаў гэта навіна добрая, дык для беларусаў наўрад ці, прынамсі для тых, якія вымушаныя зарабляць, прадаючы гарэлку ў суедняй краіне. Праз некаторы час беларускія гандляры будуць вымушаныя згадзіцца на зьмяншэньне і так невялікіх прыбыткаў, альбо ўвогуле адмовіцца ад гэтага занятку і зьмяніць штодзённае чаканьне на памежных пераходах на чаканьне на біржы працы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG