Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАГІЧНАЕ ЗДАРЭНЬНЕ ЗЬ ІГАРАМ ГОЛУБЕВЫМ НЕ ЗЬМЯНІЛА ПРАГРАМУ ВІЗЫТУ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

А дзясятай гадзіне раніцы ля гатэлю “Магілёў”, дзе я знаходжуся, ужо нічога не нагадвае пра надзвычайнае здарэньне, якое адбылося, паводле словаў сьведкаў, каля васьмі гадзінаў раніцы.

Цікаўныя людзі глядзяць наверх і нібыта спрабуюць вылічыць, зь якога паверху гэтага аднаго з самых высокіх будынкаў Магілёва (у ім 13 паверхаў) упаў чалавек. Гавораць, што зь дзясятага.

Зараз сюды падышлі мужчына ў белай кашулі з партфэлем і жанчына ў касьцюме. Заплаканыя, яны абняліся, суцяшаючы адзін аднога, а потым накіраваліся ў бок Дому Саветаў, дзе адбываецца сэмінар кіраўнікоў вэртыкалі.

Празь дзьве гадзіны пасьля здарэньня ля гатэлю “Магілёў” не было ні міліцэйскага ачапленьня, ні народу. Толькі два ахоўнікі парадку з рацыямі стаялі ля месца, куды ўпаў чалавек — гэта зялёная клюмба з дэкаратыўнай агароджай у выглядзе жалезных ланцугоў непадалёк ад цэнтральнага ўваходу ў гатэль. Усё было прыбрана, і на дакладнае месца здарэньня паказвалі толькі зламаныя галіны старой вярбы.

У гатэлі пэрсанал не сьпяшаўся адказваць на пытаньні цікаўных наконт здарэньня і аглядаўся на людзей у цывільным. Супрацоўнікі гатэлю з трывожнымі тварамі ціха і хутка казалі: “Так, упаў чалавек” і адразу хутка пыталіся: “Вы ў нас жывяце? Калі не, то па якой справе прыйшлі?”

Мясцовыя праваахоўчыя органы не далі прэсе афіцыйнай інфармацыі пра здарэньне. Тэлебачаньне і радыё атрымалі ў сваё распараджэньне толькі паведамленьне агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Савету Бясьпекі.

Апытаньне сьведкаў здарэньня, якое афіцыйна трактуецца як няшчасны выпадак, выявіла, што няма адзінага меркаваньня на гэты конт. Адныя гавораць, што высокі мужчына пасьлізнуўся, перакуліўся, спачатку ўсё ж утрымаўся на руках, але сілаў не хапіла, ён крычаў па дапамогу, але шанцаў на ўратаваньне, на жаль, не было.

Ёсьць і іншае меркаваньне:

(Спадар: ) “Я ішоў на працу і пачуў шум. Я падняў галаву. І гэта, падалося, быў не дзясяты паверх, а значна ніжэй. Я пачуў, павярнуў галаву. Ён вісеў, а потым пачаў пераварочвацца на сьпіну, вісеў на агароджы гаўбца. Перавярнуўся на сьпіну на руках, потым зрушыўся, адштурхнуўся ад гаўбца, зрабіў выдых “Ох!” — і ўдар аб зямлю. Гэта было менавіта так, а не няшчасны выпадак. Не, гэта самазабойства”.

Трагічнае здарэньне не перашкодзіла візыту Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньню сэмінару.

Кіраўнік дзяржавы, як і плянавалася папярэдне, браў удзел у адкрыцьці новага пуцеправоду ў абласным цэнтры, затым наведаў калгас “Зара” Магілёўскага раёну. На абодвух аб’ектах Аляксандар Лукашэнка размаўляў з народам.

У гутарцы зь сялянамі ён наракаў на высокія цэны і складанасьці з продажам прадукцыі, калі людзі папрасілі падняць закупачныя кошты на малако.

(Лукашэнка: ) “Вось сёньня сабраліся ўсе кіраўнікі рэспублікі, таму што думаем, як прадаць. Таму што цэны настолькі высокія, што далей няма куды. Хутка будзем есьці толькі расейскае, польскае альбо нямецкае, таму што ў іх — таньней”.

Аляксандар Лукашэнка зьвяртаў увагу і на тое, што дае грошы на добрыя справы — будаўніцтва моста ці пераабсталяваньне фэрмы, заклікаў браць зь яго прыклад і ня піць гарэлку, альбо піць ведаючы месца, час і меру, і нарэшце — добра працаваць.

На закрыцьці сэмінару кіраўнікоў вэртыкалі Аляксандар Лукашэнка параўнаў гэтае мерапрыемства з пленумам ЦК. Як ён сказаў — у лепшым сэнсе, бо чыноўнікам трэба час ад часу сустракацца і выпрацоўваць калектыўнае меркаваньне ў важных дзяржаўных пытаньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG