Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКУ АПАЗЫЦЫЙНАЙ АКЦЫІ — НЯ МЕСЦА Ў ГІМНАЗІІ


Любоў Лунёва, Менск

Штраф 5 000 рублёў — не адзінае пакараньне сям’і Карасёвых пасьля затрыманьня Антона падчас апазыцыйнай акцыі “Так жыць нельга” 19 красавіка. Дырэктарка гімназіі прымушае бацькоў Антона Карасёва забраць дакумэнты й перавесьці хлопчыка, якому засталося вучыцца толькі адзін год, у звычайную школу.

За тое, што Антон удзельнічаў у акцыі, яму выставілі нездавальняючую адзнаку за паводзіны. Сам Антон лічыць гэта несправядлівым.

(Карасёў: ) “Я лічу, што гэта нясправядліва. Мне Канстытуцыяй гарантаванае права выказваць сваю волю, а дзяржава гэта забараняе. Дэкрэты Лукашэнкі ўсё скасавалі. Я ня ведаю, чаму я павінен сысьці з гімназіі ў звычайную школу. Тым больш, што вучыцца засталося толькі год. Мая віна ў тым, што я ўдзельнічаў у акцыі пратэсту, выказваючы сваю думку наконт таго, як цяжка стала жыць, якія маленькія заробкі й пэнсіі. Я прызвычаіўся да калектыву, у якім вучуся, і ня ведаю, як будзе ў новым. Спадзяюся, што ўсё абыдзецца, і я застануся ў гімназіі. Нягледзячы на ўсё гэта, я ўсё роўна буду браць удзел ва ўсіх акцыях, якія будуць праходзіць у Менску”.

Маці Антона Вольга Карасёва адмовілася забраць дакумэнты з гімназіі. Яна лічыць, што дырэктарка настойвае на сваім, бо хоча запалохаць астатніх вучняў. Вольга Карасёва прапанавала пэдагогу самой адлічыць хлопчыка з гімназіі з фармулёўкай “За ўдзел у дэманстрацыі”.

(Карасёва: ) “Я спадзяюся, што ў школе паставяцца больш прыхільна да лёсу майго сына. Дадуць яму скончыць, правучыцца апошні год. Днямі я размаўляла з дырэктаркай, і яна зноў настойвала, каб мы забралі дакумэнты. Так што ня ведаю, што нас чакае”.

Дырэктарка гімназіі раней паведаміла Радыё Свабода, што канчатковае рашэньне ў справе Антона Карасёва будзе прынятае пасьля таго, як прыйдуць паперы з камісіі ў справах непаўнагадовых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG