Ніхто не чакаў ад прызначаных уладаю новых галоўных рэдактараў літаратурных часопісаў лібэралізму рэдакцыйнае палітыкі — не на тое іх прызначалі. Аднак на некаторых зь іх беларускія пісьменьнікі ўсё ж не глядзелі як на памагатых неадукаваных чыноўнікаў у разбурэньні літаратурнага працэсу. Тым больш, што самі яны, як, да прыкладу, новы галоўны рэдактар часопісу "Полымя" Мікола Мятліцкі, заяўлялі пра немажлівасьць увядзеньня рэдакцыйнае цэнзуры.
(Мятліцкі: ) "Я думаю, цэнзура ніякая ў наш час ня вернецца. Культу асобы ня будзе. Дзяржаўныя часопісы будуць дзяржаўнымі часопісамі. Я думаю, дзяржава за духоўнасьць".
Гэтак спадар Мятліцкі сказаў у гутарцы з вашым карэспандэнтам у мінулую суботу 27 красавіка. А ў панядзелак нам стала вядома, што ён зьняў з падрыхтаванага ранейшым галоўным рэдактарам Сяргеем Законьнікавым да друку 5-га нумару "Зацемкі зь левай кішэні" Леаніда Галубовіча. Аўтару пра гэта не паведамілі. Дачуўшыся навіну з трэціх вуснаў, ён учора скіраваўся ў "Полымя":
(Галубовіч: ) "Я адразу нават не паверыў, тым больш, што ў "Полымя" прыйшоў рэдактар, зь якім я колісь быў у добрых сяброўскіх адносінах. Ніколі ня думаў, што ўсё гэта будзе зроблена пад сурдзінку... Я зайшоў у рэдакцыю, убачыў новага рэдактара, павітаўся зь ім за руку. Рэдактар быў насуплены і, ні слова мне не сказаўшы, разьвітаўся са мною. Не сказалі мне нічога адразу і супрацоўнікі. І ўжо пасьля толькі намесьнік галоўнага рэдактара Дзьмітрыеў сказаў, каб я пайшоў у карэктарскую і забраў свой твор, які зьняты з гатовага пятага нумару. І заменены нейкай новай аповесьцю ці раманам народнага пісьменьніка БССР Івана Пятровіча Шамякіна".
Леанід Галубовіч мяркуе, што гэткая практыка ў часопісах, аб'яднаных у адзіны дзяржаўны літаратурны голдынг, стане звычайнаю.
(Галубовіч: ) "Нецывілізаваныя нормы прымяняюцца ў гэтай справе па стварэньні голдынгу. Як прыйшлі яны такой, падобнай да сталінскай, тройкай па рэдакцыях і беспардонна аб'явілі свае мэты, так і тыя рэдактары, якія пагадзіліся на месцы ранейшых, вось такой ціхай сапай і будуць праводзіць гэтую палітыку. Вось не паведамляючы ні Галубовічу ці Багдановічу ці Калубовічу ці каму пра тое, што яны здымаюць яго матэрыял з друку, ці ўлазяць правіць тэкст, робяць гэта падспудна. Іншымі словамі — гэта будзе амаральная нейкая літаратурная палітыка. Яна будзе зводзіцца да разбурэньня, а не да стварэньня".
У пятым нумары часопіса "Полымя", зь якога зьнятыя творы Леаніда Галубовіча, друкуюцца вершы новага галоўнага рэдактара.