Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЫМНЫЯ ЗАНАТОЎКІ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА


Сяргей Дубавец, Вільня

Ці можна чытаць чужы дзёньнік? Асабліва калі гэты дзёньнік інтымны і зусім не разьлічаны на публікацыю? Адказ на гэтае пытаньне адназначны і вядомы кожнаму зь дзяцінства. Чытаць чужыя інтымныя занатоўкі амаральна. Гэтая зразумелая, быццам бы, ісьціна перастае гучаць пераканаўча, калі гаворка заходзіць пра інтымныя дзёньнікі вялікіх творцаў. Ужо больш за дзесяць гадоў у Беларусі вядзецца палеміка пра тое, ці можна апублікаваць эратычныя занатоўкі Максіма Багдановіча, ці маральна гэта і ці не сапсуе цнатлівы вобраз улюбёнага творцы. Дзёньнік зьберагаецца ў музэі Багдановіча ў Менску і старанна ахоўваецца супрацоўнікамі ад чужога вока. Палеміка за сьценамі музэя працягваецца. Сёньня яна стане зьместам нашае перадачы. Але пачнем усё ж з сусьветнага кантэксту, у якім ня першы раз паўстае і вырашаецца падобная задача.

Дзёньнікі выдатных пісьменьнікаў і мастакоў усё ж урэшце друкуюцца заўсёды. Рацыянальнае чалавецтва, імкнучыся зразумець прыроду таленту, дазваляе сабе не лічыцца з воляю творцы, бо як інакш можна разгледзець знаніцу вышыўкі. На прыкладзе мастакоўскіх дзёньнікаў гэтую сытуацыю вывучаў Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) "Дзёньнікі мастакоў складаюць велізарную клясычную бібліятэку. Занатоўкі Альбэрці, Вазары, Дэлякруа ды іншых творцаў бясконца цытуюцца ў мастацкіх школах. Напрыклад, што-небудзь з Чэліні, як той пісаў: "Розьніца паміж жывапісам і скульптураю настолькі ж істотная, як розьніца паміж прадметам і ягоным ценем". І гэтак далей.

Пры вывучэньні гісторыі мастацтва бяз гэтых занатовак не абысьціся. Рэч у тым, што для мастака, у адрозьненьне, скажам, ад літаратара, дзёньнік ня ёсьць часткаю пісьменьніцкіх практыкаваньняў. Мастакі найперш фіксуюць свае ўласныя творчыя адкрыцьці. Напрыклад, Эжэн Дэлякруа, той самы, што напісаў "Свабоду на барыкадах", цэлымі абзацамі апісвае ў сваіх дзёньніках, як паказаць халодную "жалезнасьць" кірасы, альбо як прымусіць "скварыцца" сонечнае сьвятло. А Фэрдынанд Рушчыц у сваіх дзёньніках падрабязна распавёў, як у яго ўзьнікла ідэя славутай "Зямлі". Ён, прыехаўшы з падарожжа па Эўропе да бацькоў, у Багданаў, выбіраў разам зь імі бульбу, і, прысеўшы нізка ў баразьне, убачыў адно неба й зямлю. Пасьля да гэтага дадаліся валы з аратым – выйшаў клясычны твор жывапісу.

Сярод гэткіх апісаньняў практычных уражаньняў, то бок рэцэптаў, трапляюцца й выдатныя філязофскія сэнтэнцыі. Вось, скажам, Анры Матыс неяк запісаў у сваім дзёньніку: "Для сапраўднага мастака няма нічога больш складанага, як намаляваць ружу, бо перад усім ён мусіць забыць пра тое, як яе выяўлялі іншыя мастакі".

Часам мастакі выяўляюць насамрэч вялікі літаратурны талент (можа з-за некарысьлівасьці гэткага занятку для іх)".

(Дубавец: ) “Мастацтвазнаўцы разглядаюць дзёньнікі мастакоў як першасьведчаньні. Тое самае адбываецца і зь гісторыкамі літаратуры. Аднак нашае сёньняшняе пытаньне тычыцца этычнага аспэкту. Ці маральна чытаць чужы інтымны дзёньнік?”

(Харэўскі: ) "20 стагодзьдзе прынесла новыя патрабаваньні да мастацтва й... да мастакоўскіх дзёньнікаў. Тэарэтызаваць, апісваць свае творчыя прынцыпы стала для тысячаў мастакоў неабходнасьцю. А некаторыя пачалі на тым і зарабляць. Згадаць адно толькі Сальвадора Далі, які выпусьціў у сьвет кніжку са "сьціплай" назваю "Дзёньнікі генія". Альбо Ўорхала, які выдаў "Філязофію Энды Ўорхала (ад А да Б і надаадварот)". Праўда, ягоны поўны дзёньнік быў выдадзены пасьля сьмерці й выклікаў велізарны скандал.

Аднак нават гэткія разьняволеныя пэрсоны як Далі ці Ўорхал у прыватных дзёньніках неахвотна апісваюць сваё інтымнае жыцьцё. Пагатоў, мастакі зазвычай пазьбягаюць распавядаць пра свой сэкс. Вось, напрыклад, як апісаў самую значную падзею ў сваім жыцьці, Сальвадор Далі, які "адбіў" жанчыну ў паэта Поля Элюара: "Першы пацалунак, калі сутыкнуліся нашыя зубы й перапляліся языкі, быў пачаткам таго голаду, што прымусіў нас кусаць і грызьці адно аднаго да самае сутнасьці нашага быцьця".

Я далёкі ад думкі, што мастакі больш маральныя ў сваіх учынках за іншых творцаў. Відаць, прызвычаіўшыся адбіраць сабе фарбы й прыёмы, яны гэтак жа пераборліва ставяцца й да словаў".

(Дубавец: ) “Параўноўваць маральнасьць прадстаўнікоў розных відаў творчасьці сапраўды не выпадае. Увесь досьвед культуры дае нам падставу параўноўваць хіба што творцаў і нятворцаў. Я вяртаюся да пытаньня пра тое, ці можна чытаць чужыя дзёньнікі? Выходзіць, адказ залежыць ад таго, чые гэта дзёньнікі. Калі вашага знаёмца ці суседа – вы разумееце і адчуваеце маральны бар'ер. А калі нейкага ўсеагульнага ўлюбёнца, які ўжо даўно пакінуў гэты сьвет? Можа праблема ў гэтай самай розьніцы эпох – нашай і нашых куміраў? І праз сто гадоў цалкам можна дапусьціць чытаньне інтымных занатовак і колішняга суседа.

Чалавецтва ніколі ня зьмірыцца з табу на дзёньнікі. Кажуць, калі б была выкананая перадсьмяротная воля Франца Кафкі, сьвет папросту не пачуў бы пра такога пісьменьніка.

Аднак вернемся да занатовак Максіма Багдановіча, якія захоўваюцца ў сьценах музэя паэта і ўжо больш за 10 гадоў не даюць спакою ягоным прыхільнікам. Зьміцер Бартосік адправіўся да колішніх супрацоўнікаў згаданага музэя з мэтай высьветліць іх сёньняшні погляд на публікацыю багдановіцкага дзёньніка.

(Бартосік: ) "Ці можа ўвогуле паэт цалкам належаць самому сабе? Зь іншага боку, ніякія партрэты й адрэдагаваныя ўспаміны сяброў-сваякоў ня здольныя так ажывіць незнаёмага табе чалавека, як некалькі радкоў, напісаных ім толькі для сябе. Каб наблізіцца да разгадкі, я пайшоў да людзей, што чыталі той засакрэчаны дзёньнік.

Сьпярша завітаў да Алеся Астраўцова, колішняга супрацоўніка Музэя Багдановіча".

(Астраўцоў: ) "Калі я працаваў у Музэі Багдановіча, я трымаў дзёньнік у руках. Адзін раз. Калі паўстала пытаньне яго надрукаваць, паколькі ён захоўваўся ў Музэі, пытаньне паўстала перад Бяляцкім, які быў дырэктарам, мы, як супрацоўнікі Музэя, сабраліся і сказалі, што не дамо, што ня будзем друкаваць, што мы ўсе супраць. Я сказаў, што я супраць таго, каб гэта друкавалася. У акадэмічным выданьні, дзе павінна быць сабрана ўсё, што напісана рукой любога аўтара, у акадэмічным выданьні ён павінен быць надрукаваны. Ну канечне, я ў гэтым пляне не арыгінальны, для мяне Максім Багдановіч – гэта таксама мой улюбёны беларускі паэт. І, скажам, мне было непрыемна чытаць гэты дзёньнік. Проста было непрыемна яго ў руках трымаць, непрыемна была шуміха вакол гэтага ўсяго. Я ўпэўнены, што Максім яго пісаў не для таго, каб ён быў надрукаваны. Я вельмі адмоўна стаўлюся да сэнсацыяў, газэтных у першую чаргу".

(Бартосік: ) "Што ж такога ўчыніў Багдановіч са сваёю каханкай, што Алесю Астраўцову было ажно непрыемна той дзёньнік у руках трымаць. І чым кепскі скандал вакол імя паэта? І няўжо пацерпіць велічыня творцы, здольнага праз сто гадоў даць нагоду для скандалу вакол свайго імя? Наступным сваім суразмоўцам я абраў паэта Адама Глёбуса”.

(Глёбус: ) "Я лічу, што я як беларус маю права на спадчыну клясыкаў сваёй беларускай літаратуры. Пры тым я маю права на акадэмічнае выданьне. І ўсё павінен зрабіць. каб акадэмічнае выданьне такіх творцаў, як Колас, Купала, Гарэцкі, Багдановіч і Гарун былі ў нас. Калі нехта зь нейкай там нагоды нешта не дае, забараняе, хавае, значыць, мы яшчэ ня спраўджаныя, як нацыя. І таму мы мусім усе змагацца за тое, каб спадчына нашай клясыкі была надрукаваная, ацэненая, асэнсаваная й мела шырокі розгалас. Спадчына належыць не спэцыялістам, людзям, якія вырашаюць лёс твора Багдановіча вельмі простым чынам. Як вартаўнік. Ён ведае, што калі ён ня пусьціць, яму нічога за гэта ня будзе. Яго ніхто не пакарае. Гэта так дзейнічала савецкая цэнзура ў савецкія часы. Што ў нас адбываецца зь дзёньнікам Багдановіча? Я ў свой час трымаў яго ў руках. Не было тады ані музэя, ані... анічога. І выпадкова мне трапіўся ў рукі гэты дзёньнік.

Я з нагоды вось 110-годьдзя напісаў нататку ў газэту "Звязда". Пасьля гэтага я пайшоў у Музэй Багдановіча, і мне паабяцалі, што мне гэты дзёньнік аддадуць. Што я паабяцаў – што арганізую публікацыю дзёньніка. Зьвярнуся да спэцыялістаў, да навукоўцаў. Я хацеў зьвярнуцца да Конана, хацеў зьвярнуцца да Рагойшы Вячаслава, да Грыцкевіча, да Бяляцкага Алеся. Каб яны зрабілі сваё бачаньне гэтага тэкста. Гэты тэкст сапраўды патрабуе камэнтароў, патрабуе навуковай публікацыі. На сёньняшні дзень у Музэі няма навукоўцаў адпаведнага ўзроўню, якія б маглі зрабіць гэтую публікацыю. Яна ня зроблена, таму, што няма каму зрабіць яе ў Музэі. Але ў Музэя ёсьць амбіцыі мець першую публікацыю гэтага дзёньніка. І тут не супадаюць магчымасьці й рэальнасьць. Вось такое маё бачаньне гэтай сытуацыі. Але якую я бачу пэрспэктыву – што раней ці пазьней гэты дзёньнік будзе надрукаваны. І, спадзяюся, што ён выйдзе ў нармальным стане, у кантэксьце сучаснасьці. Што навукоўцы, людзі творчыя напішуць, асэнсуюць і зробяць гэтую публікацыю...

Дзіўныя ёсьць рэчы. Я ведаю шмат людзей, якія выступаюць катэгарчына супраць публікацыі дзёньніка. Ну, напрыклад, Астраўцоў ці Акулін. Але я не лічу іх спэцыялістамі. Я ведаю, што Міхась Стральцоў прыходзіў да Навуменкі, калі пісаў сваю "Загадку Багдановіча". І яны раіліся. Але гэта было за савецкім часам. Тады Іван Якаўлевіч сказаў, што несваечасова. І я разумею Івана Якаўлевіча. Тады сапраўды было несваечасова, проста б цэнзура не пусьціла. Ня тое, што мы не хацелі. Але гэта была размова людзей сапраўды адукаваных, якія адклалі гэта на пэрспэктыву. На сёньняшні дзень я ня бачу такіх адукаваных людзей ні ў Музэі, ні ў Акадэміі Навук, якія б вялі сур'ёзную гаворку пра публікацыю гэтага дзёньніка. З-за чаго не пускаюць гэты дзёньнік? Калі я пытаўся ў супрацоўніц Музэя, чаму не пускаецца гэты дзёньнік, яны кажуць: "Ну вось там ёсьць, напрыклад, цытата, такія словы: "...у мяне ўстаў і я пайшоў з прыўзьнятым..." І вось гэта лічыцца ўжо амаральна. Можа, для гэтых жанчын гэта й амаральна. Але я так не лічу, што гэта амаральна. Тым больш, мараль і творца... Я ведаю, што калі расчытваць там цыклы вершаў Багдановіча "Сьмерць і Эрас"... там больш эратычнага й больш адкрытага чым у гэтым дзёньніку".

(Бартосік: ) "Там яшчэ прысутнічае матыў, што сам аўтар не зьбіраўся публікаваць свой дзёньнік..."

(Глёбус: ) "Я ня думаю, што Гамэр, напрыклад, зьбіраўся ў СССР выдаваць сваю "Іліяду". Ці Жуль Вэрн думаў – будуць яго перакладаць на беларускую мову, ці ня будуць. Тое, што меркаваў аўтар, не заўсёды адпавядае рэчаіснасьці. Адзнакі, якія даюць нашчадкі, яны часам больш вартыя, чым аўтар дае сам сабе. Тым больш, казаць за Багдановіча... Мяне гэта таксама зьдзіўляе, што нехта бярэцца казаць, ШТО думаў Багдановіч, калі пісаў. Ён што думаў, тое й пісаў. Вось гэта я ведаю дакладна".

(Бартосік: ) "Слухаючы Глёбуса, я радваўся за Максіма, як за жывога. Бо не бясполым анёлам пакінуў гэты сьвет той "бальны, бесскрыдлаты паэт". Аднак найбольш пераканаўчую разгадку таямнічага дзёньніка пераказала мне пісьменьніца і таксама колішняя супрацоўніца Музэя Багдановіча Паліна Качаткова”.

(Качаткова: ) "Дзёньнікі ўзяліся ад таго, што Максім Багдановіч іх напісаў. У 1915-м годзе, калі адпачываў у Крыме. Усяго ён быў там тройчы. Першы раз у дзясятым годзе. Другі раз у 15-м, яму заставалася два гады да сьмерці. І апошні раз у 17-м. Вось гэта быў, відаць, самы шчасьлівы год у ягоным жыцьці – пятнаццаты. Калі ён адпачываў у Старым Крыме, ён быў самастойны, можна сказаць, упершыню. Таму што ў прынцыпе ён быў усё сваё жыцьцё залежны ад свайго бацькі, Адама Ягоравіча. Залежны і матэрыяльна, і духоўна, і ва ўсіх сэнсах. Бо фактычна Максім Багдановіч – чалавек, які ў сваім жыцьці не зарабіў грошай. Пасьпеў толькі скончыць ліцэй. Усе яго заробкі былі – гэта чыста ганарары. І ён усё сваё жыцьцё залежыў ад бацькі. І жыў у ягонай хаце, і залежыў ад яго".

(Бартосік: ) "Але яны разышліся ў пытаньні мовы?”

(Качаткова: ) "Я лічу, што бацька вельмі спрыяў ягонаму зацікаўленьню мовай. Была кніжка Стральцова, дзе ён праводзіць вось гэтую канцэпцыю, што яны разышліся. Насамрэч гэта не зусім так. Калі мы расчытвалі "Ўспаміны" Адама Ягоравіча, дык там ёсьць цэлыя старонкі, напісаныя цудоўнай беларускай мовай. І сам Адам Ягоравіч піша, што Максім заўсёды раіўся зь ім, якое слова напісаць. Для Адама Ягоравіча гэта была сапраўды родная мова. Вельмі старанна пазбаўляўся ад акцэнтаў усялякіх на працягу свайго жыцьця. І ён дапамагаў на самой справе Максіму. Дапамагаў ва ўсіх сэнсах. Ён сачыў за здароўем яго. І ў 17-м годзе ён зьбіраўся перавозіць сваю сям'ю ў Сімферопаль. І сам у час сьмерці Максіма быў ужо ў Сімферопалі. Таму ён яго фактычна адпусьціў у Менск, дзе Максім пражыў першыя свае паўгады самастойна. І фактычна гэтыя паўгады самастойнага жыцьця давялі яго да сьмерці. Каб не было вось гэтага аслабленьня кантролю, магчыма, Максім пражыў бы і больш. Таму што бацька прымушаў яго прымаць лекі. Ён даглядаў яго. Ён даглядаў яго, як дзіця. А ў 15-м годзе ён вырваўся на волю. Ён трапіў у пансіянат, дзе жыла жанчына, замужняя. Але бяз мужа. Звалі яе Клава. І вось у Максіма Багдановіча ўзьнікла зь ёй сувязь. Магчыма, ці не адзіная ў жыцьці. І кожны дзень гэтай сувязі ён фіксаваў на паперы. Гэта была паперка такая, шмат разоў скручаная, напісаная простым алоўкам. Ён запісваў усё, што там было. І гэты дзёньнік дайшоў да нашага часу. Нягледзячы на тое, што сам архіў Максіма Багдановіча зьнік. Але гэты дзёньнік дайшоў да нас. І ён расчытаны напалову, з дапамогаю крыміналістычнай экспэртызы. Таму што расчытаць гэта простым вокам немагчыма. Калі б вам далі гэтую паперку пачытаць, вы б там нічога не зразумелі".

(Бартосік: ) "Гэта дзёньнік першага рамана, гэта дзёньнік першага сэксуальнага сталеньня? Што гэта?"

(Качаткова: ) "Магчыма. Там проста фіксацыя фактаў, на расейскай мове, дзе проста фіксуюцца літаральна мэдычнымі тэрмінамі ўчынкі мужчыны й жанчыны. І адначасова з гэтым Максім Багдановіч піша іншы твор – для аднаго з турыстычных расейскіх выданьняў таго часу – "Из летних впечатлений". Можна браць вось гэты дзёньнік і параўноўваць. "Из летних впечатлений" напісана вельмі прыгожай мовай, правільнай. Там апісаныя нейкія рэфлексіі, нейкія пачуцьці. А ў дзёньніку – толькі дзеяньні. У гэтым "Из летних впечатлений" можна толькі здагадвацца, што чалавек быў з жанчынай. Ён апісвае, як яны зьбіралі сэрдалікі па калена ў вадзе, як іх здымаў фатограф. Як яны наведвалі закінуты армянскі манастыр, як яны хадзілі ў музэй. Там так усё прыгожа, так рамантычна. А ў дзёньніку ўсё так аголена... І натуральна, тых, хто ведалі творчасьць Багдановіча як паэта чыстае красы і сутыкаліся з тэкстам гэтага дзёньніка, дзёньнік проста шакаваў, і ўзьнікала рэакцыя непрыняцьця. Таму што гэта проста фіксацыя дзеяньняў: "Я повалил ее на землю", "я поднял ей юбку", "я раздвигаю ей половые губы" і так далей... Мы стаялі такім мурам непарушным супраць таго, каб гэты дзёньнік друкавалі. У свой час, гэта быў 91-ы год".

(Бартосік: ) "І ты лічыш, што вы рабілі слушна?"

(Качаткова: ) "Я восем гадоў працавала ў музэі Багдановіча. За гэты час адбылася эвалюцыя поглядаў. Чым больш працуеш, тым больш даведваесься фактаў. Я думаю, што на той момант, на 91-ы год, мы зрабілі слушна. Але пасьля ў нас узьнікла іншая ідэя. Мы пачалі выпускаць архіўныя матэрыялы. "Сшытак 1" быў прысьвечаны сям'і Багдановіча, непасрэдна бацьку, маці. Другі "Сшытак" – стрыечным сёстрам, братам. Трэці "Сшытак" мы плянавалі прысьвяціць жанчынам у жыцьці Багдановіча. І ўжо канкрэтна плянавалі ўключыць туды гэты дзёньнік з нармальнымі камэнтарамі. Але так атрымалася, што мы былі выцесьненыя ў трэці сэктар. Гэты зборнік ня выйшаў, і ён застаўся ляжаць там, дзе ён ёсьць".

(Бартосік: ) "І на што можна спадзявацца?"

(Качаткова: ) "Каму?"

(Бартосік: ) "Нам".

(Качаткова: ) "Спадзявацца можна на дзьве рэчы: што яго апублікуюць, альбо яго не апублікуюць. Але, па вялікім рахунку, не настолькі ён цікавы. Большасьць з нас ужо перажыла гэты век Максіма Багдановіча, які пражыў 25 гадоў, 5 месяцаў і 18 дзён. Але, з другога боку, як я лічу, калі чалавек давяраў гэта паперы – гэта ўжо не таямніца. Як і тое, што вымаўлена. І ў мяне асабіста такое ўражаньне, што калі чалавек гэта пісаў, ён усё ж такі думаў даказаць некаму, можа свайму бацьку, што ён мужчына, што ён нечага варты, што ён нешта можа. Што ён не памёр хлопчыкам. Таму што ў тым самым 91-м годзе было шмат людзей, як мы іх называлі "нявест Багдановіча", якія апаноўвалі Музэй і казалі: "Ня дай Бог. Ня дай Бог". Што гэта цнатлівы юнак. Дык вось, я думаю, што Максім Багдановіч усё ж не хацеў заставацца гэтым самым цнатлівым юнаком... Ёсьць розныя вэрсіі: ён пісаў гэта, каб пасьля перарасло гэта ў нейкі твор. На самой справе, ну ў які гэта твор можа перарасьці? Пасьля гэтай сувязі яшчэ застаўся адзін верш, які гучаў вельмі пошла й банальна: "Забудется многое, Клава. Но буду я помнить всегда, Как в сердце шипела отрава любви, и тоски, и стыда. Тебя в темно-синем платочке и песню, что пела мне ты: Прошли золотые денечки. Осталися только мечты"..."

(Бартосік: ) "Ці складалася ўражаньне, што гэта дзёньнік шчасьлівага чалавека?"

(Качаткова: ) "Не. У мяне складалася ўражаньне, што гэта дзёньнік чалавека, які ўсё ж такі дарваўся, і які хоча даказаць, што ён сапраўды гэта меў. Тым больш, трэба ўлічыць, што гэта пісалася сапраўды за два гады да сьмерці. А наперадзе яго чакала вяртаньне ў Яраслаўль, у свой пакой, уваход празь які быў у прыбіральню, дзеці бацькавы пазашлюбныя, мачаха й гэтак далей... Насамрэч мы вельмі мала ведаем зараз пра Багдановіча. Гэта шчасьце, ці гэта наадварот няшчасьце? Таму я думаю, што калі чалавек сам пісаў, ну й друкаваць гэта можна".

(Бартосік: ) "Стоячы на засьнежанай менскай вуліцы, я спрабую ўявіць сабе сьпякотнае крымскае лета. Маленькі татарскі гарадок. Недзе на бацькаўшчыне ідзе вайна. Якая тут дае пра сябе знаць газэтнымі загалоўкамі ды размовамі ў курортных кавярнях. Маладога чалавека лёс зводзіць з прыгожай кабетаю, якая зусім ня супраць курортнага раману з сымпатычным хлопцам. Паўднёвыя ночы лятуць хутка. Звар'яцелы ад гэтых начэй маладзён намагаецца задакумэнтаваць кожнае імгненьне сваіх адкрыцьцяў... І такой драбязою раптам здалася ўся нашая дзесяцігадовая валтузьня вакол тых далёкіх імгненьняў. Быццам мы, зазірнуўшы ў той, зашыфраваны ад сябе самога тэкст, адчуем той боль і тую радасьць. Якіх так баімся".

(Дубавец: ) “Усе ўдзельнікі сёньняшняе перадачы – хто з агаворкамі, хто без – схіляюцца да публікацыі багдановіцкага дзёньніка. Асабіста мне найбольш пераканаўчым падаўся погляд Паліны Качатковай пра тое, што пісаліся занатоўкі якраз не для сябе. Бо й сапраўды ж такія рэчы для сябе ня пішуцца. Хутчэй клясычныя і надзвычай прыгожыя эратычныя вершы Багдановіча пісаліся ім для сябе. А дзёньнік пісаўся для іншых як сьведчаньне таго, што Багдановіч пражыў кароткае, але зусім паўнавартаснае ў сэнсе пазнаньня жыцьцё. У гэтым мусіў пераканацца бацька, а разам зь ім і ўсе, хто неабыякавы да асобы творцы. І тут самы час зрабіць яшчэ адну выснову. Каб вырашыць, ці публікаваць інтымны дзёньнік, трэба зразумець матывацыі, зь якімі ён пісаўся.

Па выніках сёньняшняе размовы, мне думаецца, матывацыі Багдановіча і яшчэ адна з многіх ягоных загадак сталі зразумелыя. Магчыма, публікацыя дзёньніка і зьменіць для кагосьці вобраз паэта. Але ня ў горшы бок. Тут ужо іншае пытаньне пра маральнасьць. Што больш этычна – чытаць чужыя дзёньнікі ці культываваць непраўдзівы вобраз чалавека і творцы. Адказаць на гэтае пытаньне кожны павінен сам. Дастаткова ўявіць сабе, што пра вас скажуць людзі, калі вы назаўсёды пераселіцеся ў нябыт. А калі ў вас багатая фантазія, уявіце, што б сказалі творцы мінулых эпохаў, калі б сутыкнуліся са сваімі інтэрпрэтаванымі вобразамі. На маю думку, найчасьцейшай эмоцыяй быў бы пратэст. Вось жа ў справе Багдановіча менавіта ягоны дзёньнік выглядае адчайнай спробаю выратаваць свой уласны пасьмяротны вобраз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG