Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАЗЬВІТВАЛІСЯ ЗЬ ЯЎГЕНАМ КУЛІКОМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Яўген Кулік памёр у шпіталі на 65-м годзе жыцьця пасьля працяглай хваробы ўвечары 12 студзеня. Сёньня ў менскім Палацы мастацтва разьвітваліся з гэтым чалавекам, які з пачатку 1960-х гадоў далучыўся да беларускага адраджэнскага руху.

Усе, хто ведаў Яўгена Куліка, адзначаюць, што гэта быў моцны чалавек, таленавіты творца, бескампрамісны ў справе абароны незалежнасьці Беларусі. Менавіта ў ягонай майстэрні, яшчэ ў 1960-я гады, была створаная патрыятычная падпольная суполка “На паддашку”, сябры якой потым сталі лідэрамі Беларускага Народнага Фронту.

Слова на разьвітаньне зь Яўгенам Куліком гаворыць ягоны блізкі сябар, мастак Віктар Маркавец:

(Маркавец: ) “Зь Яўгенам у нас зьвязанае фактычна ўсё сьвядомае творчае жыцьцё. Цягам 30 гадоў я меў зь ім кантакты з часоў нашага “Паддашку”. Мы мералі сябе па ягоных якасьцях, па ягонай прынцыповасьці, па адносінах да культуры. Гэта фігура для нас значная, вымяральная, гэта эталён, гонар і сумленьне. Тое, што сёньня пачынаецца ягонае вечнае жыцьцё — зноў-такі нейкі знак, ён будзе заставацца мерай. І чым далей мы будзем адыходзіць ад гэтай фігуры, тым яна больш будзе вырастаць”.

У 1991 годзе Яўген Кулік быў адным з аўтараў узору бел-чырвона-белага сьцяга й герба “Пагоня”, прынятых парлямэнтам як дзяржаўныя сымбалі Беларусі. А ў савецкі час майстэрня Яўгена Куліка была прытулкам для актывістаў моладзевага падпольнага руху.

Цяперашні лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць Яўгена Куліка сваім настаўнікам:

(Вячорка: ) “Яўген Кулік для нас, для майго пакаленьня “Майстроўні” й “Талакі” быў увасабленьнем абсалютнай патрабавальнасьці ў беларушчыне, у незалежніцкай ідэі. Ён быў сярод заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, хаця пачынаць ягоную незалежніцкую гісторыю трэба з 1960–70 гадоў. Ён удзельнічаў у закансьпіраваным беларускім руху, быў у самым шчыльным кантакце з намі, зь незалежніцкімі гуртамі моладзі на пачатку 1980-х. Мы многаму ў яго навучыліся, вельмі шмат ад яго даведаліся”.

Амаль усе прысутныя на сёньняшнім разьвітаньні зь Яўгенам Куліком узгадвалі ягоную трывалую грамадзкую пазыцыю, а таксама творчы імпэт. Спадар Кулік быў удзельнікам многіх выставаў, але найбольш цаніў выставы мастацкай суполкі “Пагоня”, прысьвечаныя ўгодкам незалежнасьці Беларусі.

Сёньня за супакой душы Яўгена Куліка маліўся пробашч менскай Петрапаўлаўскай праваслаўнай царквы айцец Георгі Латушка.

Пасьля царкоўнай паніхіды Яўген Кулік быў пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках. У сваім тэстамэнце мастак прасіў пахаваць яго менавіта там, побач з маці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG