Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕТАСЬ 60 ДЗЕЯЧОЎ АПАЗЫЦЫІ БЫЛІ ЗЬБІТЫЯ НЕВЯДОМЫМІ


Любоў Лунёва, Менск

Людміла Гразнова засяродзіла ўвагу журналістаў на найбольш значных фактах парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Галоўнымі падзеямі летась былі, на яе думку, расьсьледаваньні палітычных забойстваў і выкрыцьцё датычнасьці ўлады да гэтых справаў.

У маніторынгу таксама ўтрымліваюцца сотні сьведчаньняў пра катаваньні людзей у сьледчых ізалятарах.

Завялі 210 крымінальных справаў, а пад варту ўзялі 720 кіраўнікоў прадпрыемстваў. Рэпрэсіі супраць дырэктараў і прадпрымальнікаў улады вызначылі як “прыярытэтны кірунак”. Апагею дасягнулі рэпрэсіі супраць незалежных СМІ.

Пацярпелі ад уладаў і няўрадавыя арганізацыі. Людміла Гразнова нагадала, што некалькі арганізацыяў ліквідавалі. Абрабавалі, падпалілі й захапілі 12 офісаў. За ўдзел у вулічных акцыях затрымалі каля 350 чалавек. Вынікі суду: 16 чалавек папярэдзілі, 35 аштрафавалі, 66 арыштавалі. 60 дзеячаў апазыцыі былі жорстка зьбітыя невядомымі.

Людміла Гразнова распавяла пра перасьлед уладамі розных канфэсіяў на карысьць праваслаўнай царквы і пра пошук ворагаў, які прывёў да арышту пяцёх чалавек. Іх абвінавацілі ў шпіянажы. У шпіянажы ўлады абвінавацілі й амбасады ЗША і КНГ АБСЭ, а ўнутраных назіральнікаў за выбарамі — у тэрарызьме.

Людміла Гразнова лічыць, што апазыцыя ня здолела супрацьстаяць рэжыму.

(Гразнова: ) “Маніторынг быў праведзены ня толькі для таго, каб мець нейкія лічбы, але й для таго, каб зрабіць аналіз і пабудаваць стратэгію, зразумець, як нам дзейнічаць далей. Наша сёньняшняе становішча вызначаецца ня толькі тымі рэпрэсіямі, якія зрабіла ўлада, але й тымі недастатковымі крокамі, якія былі зробленыя апазыцыяй.

Мы працавалі. Але ж наша праца не была вельмі эфэктыўнай, яна была абмежаваная. Мы ня здолелі выйсьці на шырокія колы насельніцтва ня толькі ў сталіцы, а й па ўсіх рэгіёнам. Трэба мяняць мэтады нашай працы, тактыку й стратэгію і распаўсюджваць нашу дзейнасьць як мага шырэй”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG